Г.Хаецкі. Святая сям’я. Гродна. 2-я палова XVII ст. Палатно. Алей.

Г.Хаецкі. Святая сям'я. Гродна. 2-я палова XVII ст. Палатно. Алей.

Святая Сям’я (Sancta Familia) – у хрысціянскіх уяўленнях сям’я, у якой нарадзіўся Ісус Хрыстос – Дзева Марыя і яе муж Іосіф. Кампазіцыя Г. Хаецкага прадстаўляе Святую Сям’ю за вячэрай. Асцярожна п’е віно Ісус Хрыстос. Клапатліва падтрымлівае чарачку Іосіф. Дзева Марыя з любоўю глядзіць на сына, трымаючы ў руках яблык і грушку. Раскіданая садавіна на стале – натуральная з’ява для беларускіх абразоў XVII ст. – сімвал смерці і ўваскрэсяння ў паслядоўнасці чатырох часоў года. У цэнтры стала ў блюдзе выява цяляці – сімвал ахвярнай смерці Ісуса Хрыста.

Гілярый Хаецкі – мастак, манах Гродзенскага дамініканскага кляштара – напісаў абраз для касцёла Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі Гродзенскага брыгіцкага кляштара. Абраз уяўляе сабой жывапісны варыянт медзярыта (гравюры на медзі) вядомага французскага рысавальшчыка Яна Якуба Кало (1592 -1635 г.).