Мугір. Клецк. 1912 г. Кардон. Вышыўка

Мугір. Клецк. 1912 г. Кардон. Вышыўка

Мугір у драўлянай прамавугольнай раме на перфарыраванай жоўтай паперы, вышыты рознакаляровымі ваўнянымі ніткамі. Кампазіцыя складаецца з тэкстаў, расліннага арнаменту: пасярэдзіне сцябліны кветак утвараюць два палі з упісанымі зваротамі да Алаха і Мухамада.

Мугір (ад тур. ваўняная тканіна) – у ісламе твор дэкаратыўнага мастацтва, тканіна з рэлігійным тэкстам або выявай рэлігійнай сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэлігійных ведаў, у народнай свядомасці мае таксама функцыі абярэга. Першапачаткова мугіры вырабляліся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапілі да крымскіх татар. У беларускіх татар мугір вядомы з ХVІ ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома.

Найбольш раннія мугіры выраблялі з казінай воўны, пазней – з іншых тканін і матэрыялаў. У Беларусі вядомы мугіры ў выглядзе апраўленых ў рамы пергаментаў з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамада. У ХІХ – ХХ стст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, выявамі ісламскай сімволікі. Часта літаграфічныя мугіры прывозілі ў Беларусь волжскія татары.

Разам з тым, былі распаўсюджаны і шкляныя або папяровыя ў зашклёных рамах мугіры палотны з паперы з напісанымі ці вышытымі радкамі тэкстаў Карана, імёнамі прарокаў, маляванымі выявамі Меккі і Каабы, Медзіны, сімваламі і сцягамі. У мугірах беларускіх татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і беларускія культурныя традыцыі. Так, мугір з Клецку упрыгожаны васьміканцовымі чырвоныя разеткамі-зоркамі, квітнеючамі вазонамі – традыцыйнымі элементамі беларускага народнага арнаменту.