All posts by muzej.by

Героі беларускіх казак

15 верасня ў Малой выставачнай зале музея гісторыі рэлігіі распачала сваю працу не зусім звычайная, агорнутая флёрам таямнічасці і звышнатуральнасці выстава “Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”.

Мала хто ведае, што беларуская міфалогія налічвае каля 500 істот паралельнага свету. Славуты беларускі мастак Валеры Славук удыхнуў жыццё ў сотню такіх персанажаў. У 2012 годзе выйшла з друку кніга “Чароўны свет” з яго ілюстрацыямі  і знайшла вялікую зацікаўленасць чытача. Каб гэты магутны пласт народнай культуры, на якім узгадоўваліся шматлікія пакаленні нашых продкаў і фарміравалася нацыянальная адметнасць беларускага народа, стаў больш блізкі і даступны, энтузіясты сваёй справы праграміст з Мінска Павел Арлоў, мастак Аляксандр Камянец і скульптар Антон Шыпіца зрабілі скульптуры міфалагічных персанажаў у поўны рост і іх маленькія копіі. Усіх гэтых нібыта ажыўшых істот можна ўбачыць у зале музея гісторыі рэлігіі. Ціха рассякае ваду гаспадар рэк і азёр Жэўжык, уважліва аглядаючы водную прастору, ён гатовы прыйсці на дапамогу; шпарка крочыць па наваколлі апякун беларускіх палёў Жыцень – ад яго трох вачэй (адзін на патыліцы, каб бачыць на ўсе 360 градусаў) не схаваецца ні адзін каласок збажыны. А вось і гаспадарлівы, працавіты Ёўнік, яго паважнасць і перапэцканасць сажай нікога не палохае. Лад і дабрабыт у хаце, калі за печчу жывуць захавальнікі хатняга ачагу Дамавы і Дамавуха. А вось калі яны моцна пакрыўдзяцца на гаспадароў і сыдуць з хаты, чакай нязваных гасцей – злыдняў, якія наробяць шмат шкоды і давядуць да галечы. І яшчэ шмат іншых персанажаў чакае гасцей выставы. Акрамя таго, наведвальнікам прапануецца камп’ютарны дадатак, які ў фармаце віртуальнай рэальнасці дазваляе ўбачыць падчас трохузроўневай гульні, як гэтыя персанажы не толькі выглядаюць, але і рухаюцца.

Heroi_kazak_1024

Кінемо 2017: фотасправаздача