Часовая экспазіцыя аднаго прадмета “Вялікі чатырохстворкавы складзень”

Унікальная магчымасць з’явілася ў наведвальнікаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі – убачыць цэлы іканастас у мініяцюры. 20 клеймаў меднага чатырохстворкавага складня “Двунадзясятыя святы” – гэта высокамастацкія пластычныя сцэны, якія адлюстроўваюць кола штодзённага хатняга малення. Іх кампазіцыя мае рытмічную дынаміку паслядоўнага руху ад кляйма да кляйма, што запрашае да прачытання “тэксту” гэтай своеасаблівай кнігі, якая ўключае выявы абразоў з двунадзясятымі святамі і сцэны пакланення цудатворным абразам Маці Божай.

Стылістыка выканання складня імкнецца да іканапісу. Перад намі фактычна іканапісныя мініяцюры, выкананыя скульптурнымі сродкамі. У распрацоўцы рэльефных кампазіцый адчуваецца рука вопытнага майстра, які віртуозна валодае прыёмамі дробнага пісьма. На маленькай паверхні кляйма (5,0 х 4,2 см.) мастак разгортвае шматпланавыя сцэны, на мяжы магчымага насычаныя падрабязнасцямі. Перададзены балясіны і валюты на балюстрадах, капітэлі калон, сілуэты храмаў Маскоўскага Крамля, нават гадзіннік на Спаскай вежы.

Вобразная характарыстыка персанажаў незвычайная для кананічных выяў. Лікі надзелены разнастайнасцю эмацыянальных выразаў: лёгкая стомленасць і прасветленае ўміленне Святой Ганны, спакойная самапаглыбленнасць Святога Іаакіма. У некаторых кампазіцыях мы нечакана бачым Маці Божую, якая ўсміхаецца.

Чатырохстворкавы складзень-іканастас “Двунадзясятыя святы”, кожная створка якога завершана вытанчаным какошнікам, – самы знакаміты твор стараверскай меднай пластыкі. Яго мадэль была распрацавана на рубяжы ХVІІ – ХVІІІ стст. маскоўскімі майстрамі, якія мелі сувязі з царскай Зброевай палатай і Друкарскім дваром. Гэта былі майстры, якія мелі дачыненне да гравюры і друкарскай справы, а таксама іканапісу, уплывы якога ў распрацоўцы рэльефных кампазіцый святаў відавочны. На пачатку ХVІІІ ст. па стараверскіх каналах мадэль трапіла ў паморскае Выгаўское паселішча на поўначы Расіі, дзе атрымала канчатковы выгляд.

Асабліва зручным быў у паходных умовах падчас доўгіх гандлёвых і місіянерскіх падарожжаў.

Close Menu