Паміж Усходам і Захадам

З канца студзеня ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі пачала працу выстава “Паміж Усходам і Захадам”. Геаграфічнае і культурнае становішча Беларусі паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам абумовіла асаблівы шлях сакральнага мастацтва. Візантыйская і старажытнаруская традыцыі былі развіты і аб’яднаны мясцовымі майстрамі са стылістычнымі асаблівасцямі мастацтва Заходняй Еўропы.

Найбольшую цікавасць выклікаюць унікальныя партрэты XVIIІ стагоддзя дзеячоў картэзіянскага ордэна з кляштара ў Бярозе (сучасная Брэсцкая вобласць). Усяго ў карціннай галерэі картэзіянцаў было 52 партрэты. Пасля закрыцця кляштара ў 1831 годзе яны былі прывезены ў Гродна і размеркаваны па касцёлах. З вялікай калекцыі да нашага часу захавалася ўсяго шэсць твораў. Наведвальнікі выставы маюць магчымасць пазнаёміцца з двума з іх: партрэтамі Джона Х’ютана і Гвіга дэ Кастра.

Выстава будзе экспанавацца да сярэдзіны мая.

Scroll to Top