Захавальніца святыні

З 30 лістапада ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі экспануецца міні-выстаўка “Захавальніца святыні”, якая дэманструе рэдкую даразахавальніцу ХІХ стагоддзя

Даразахавальніца (ківот, ківорый, каўчэг) – свяшчэннае начынне, якое прызначана для захоўвання Святых Дароў у праваслаўным храме. Знаходзіцца ў алтары на прастоле. Прыгатаваныя Святыя Дары – часцінкі Цела Хрыстова, прасякнутыя Яго Крывёю, – у выглядзе хлеба і віна змяшчаюцца ўнутры даразахавальніцы і выкарыстоўваюцца для прычасця цяжкахворых вернікаў. Перад Святымі Дарамі заўсёды гарыць нязгасная лампада. Правобразам хрысціянскай даразахавальніцы лічыцца старазапаветная Скінія з Каўчэгам Запавета.

Даразахавальніцы ў Старажытнай Русі называліся грабніцамі, сіонамі ці іерусалімамі, бо яны часта былі мадэлямі храма Уваскрэсення Хрыстова, ці Гроба Гасподняга, у Іерусаліме. У XVIII–XIX стст. выконваліся ў выглядзе храма ці капліцы з невялікай грабніцай. У XIX ст. некаторыя з іх прадстаўлялі сабой цэлыя скульптурныя кампазіцыі з адлітымі фігурамі апосталаў, анёлаў з рыпідамі, жонак-міраносіц каля Гроба Гасподняга. Вырабляліся, як правіла, з высокароднага металу (золата, срэбра), радзей волава, дэкарыраваліся гравіроўкай, чэрню, сканым арнаментам. Часта на пярэднім і адваротным баку змяшчаліся сцэны з Евангелля, выкананыя ў тэхніцы чаканкі або распісной эмалі.

Асаблівую каштоўнасць экспанаванай даразахавальніцы надаюць эмалевыя драбніцы з выявамі Уваскрасення Хрыстова ў верхняй частцы і Тайная вячэры на скрыначцы ўнізе,  а таксама выкананыя ў тэхніцы чаканкі фігуры анёлаў.

darazachavalnica_2016_1 darazachavalnica_2016_2 darazachavalnica_2016_3