Баль калядных завей

29 снежня ў Малой выставачнай зале музея адкрылася выстава “Баль калядных завей”

Выстаўка аб’ядноўвае каля ста экспанатаў. Наведвальнікі змогуць убачыць элементы бальнага адзення і аксесуары: пальчаткі, брошкі, дамскую сумачку, шаўковы жакет, мужчынскія камізэлькі, запінкі. Абавязковым атрыбутам жаночага касцюма з’яўляўся веер. Калекцыя веераў са збораў музея “Замкавы комплекс “Мір” уражвае сваёй прыгажосцю. Цэльныя і складныя, з мяккім і цвёрдым экранам, са слановай косткі, перламутру, упрыгожаныя інкрустацыяй, разьбой, гравіроўкай, камянямі, вееры створаны ў ХVІІІ – пачатку ХХ ст. у Кітаі, Францыі, Англіі, Ірландыі, Германіі, Іспаніі.

На выстаўцы можна ўбачыць вееры ў стылі мадам Сан-Жэн, ці мадам Бесцырымоннасць – так называлі Катрын Юбшэр, жонку маршала Францыі Франсуа Жозэфа Лефеўра, паплечніка Напалеона, якая была спачатку прачкай і белашвейкай, а потым стала герцагіняй і прыдворнай дамай. Нягледзячы на атрыманне вялікага багацця, яна не стала пагардлівай, усё жыццё заставалася добрай і пакладзістай, дапамагала бедным.

Вееры з пастаральнымі і галантнымі сцэнкамі больш уласцівыя ХVІІІ ст., з гістарычнымі сюжэтамі і антычнымі матывамі – распаўсюджаныя ў ХІХ ст. На выставе ёсць і кітайскі веер – мода заўсёды вярталася да тэмы Усходу.

Больш поўнае ўяўленне аб тым, як выглядалі дамы і кавалеры на балах у ХV – пачатку ХХ ст. даюць эскізы касцюмаў да тэатральных пастановак ХХ ст., створаныя мастакамі беларускіх тэатраў па творах Уільяма Шэкспіра, Пятра Чайкоўскага, Джузэпэ Вэрдзі, Эжэна Скрыба, Міхаіла Булгакава, Змітрака Бядулі, Назыма Хікмета, Генрыха Вагнера, Джорджа Колмана-старэйшага, Уладзіміра Драздова з калекцыі Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

bal_2_2016 bal_1_2016 bal_3_2016 bal_4_2016