Maстацтва Karpiniai / Menas выцінанкі

logo ES_lv lt by en ru_GRAYSCALE

Напярэдадні Божага Нараджэння ды Калядаў, 19 снежня, у музеі адкрываецца выстаўка “Maстацтва Karpiniai/Menas выцінанкі”. Гэта ўжо другая сумесная выстава з Цэнтрам культуры г. Друскінінкай, якую ладзяць нашы ўстановы ў межах праекта ENI-LB-1-242 “Культурная спадчына па абодва бакі мяжы” Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвія–Літва–Беларусь Еўрапейскага інструмента суседства на 2014–2020 гады.

На Раство Хрыстова ў ХIX – першай палове ХХ стагоддзя было прынята ўпрыгожваць жыллё ажурнымі ўзорамі з паперы. Выразаныя, выбітыя з белай, чорнай ці каляровай паперы ўзоры называлі выцінанкамі. У беларусаў і літоўцаў традыцыі выцінанкі вызначаюцца адзінствам тэхналогій. На выставе будуць прадстаўлены вырабы майстра з Літвы Дыяны Лукашунайце, якой нададзены статус творца мастацтва, мінскіх майстроў Валерыя Слюнчанка, Вольгі Зяноўкі, а таксама майстроў Гарадзеншчыны – Наталлі Чырвонцавай, Аляксандра Аўчыннікава, Валянціны Волах, Станіслава Муліцы, Святланы Сярпейкі і Наталлі Клімко, якая працягвае на Навагрудчыне традыцыю ўнікальнай мясцовай выцінанкі – выбіванкі (з 2014 года ўключана ў дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). Усе працы аб’ядноўвае адно з галоўных хрысціянскіх святаў – Раство Хрыстова, безумоўнымі атрыбутамі якога з’яўляюцца Віфлеемская зорка, анёлы і, бясспрэчна, ёлка, якая сімвалізуе веру хрысціян у прыход Збавіцеля, будучае Уваскрэсенне і вечнае жыццё.

У сваіх творах майстры закрануць тэму старажытнага свята Калядаў –перамогі святла над цемрай, а таксама традыцыйнага для гэтых святочных дзён лялечнага тэатра – батлейкі. Батлейка магла быць з лялькамі трысцінкавымі, лялькамі–“пятрушкамі”, лялькамі–марыянеткамі і ценявая батлейка – з лялькамі, выразанымі з паперы.
Запрашаем наведаць выставу і атрымаць святочны настрой.
Уваход на выставу вольны.

Scroll to Top