Убранне з Божага святла

7 лютага ў Вялікай выставачнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі адкрылася выстаўка, прысвечаная мастацтву абклада абразоў і кніг XVIII – пач. XX ст.

Выстаўка прымеркавана да XVI Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест”.
Абклад (рыза, шата, цата) – накладное ўпрыгажэнне на абразах і пераплётах кніг. Абклады вырабляюцца з металу (золата, срэбра, латуні, медзі, бляхі), бываюць шытыя па палатне сярэбранымі ці залачонымі ніцямі, бісерам, жэмчугам, аздобленыя слановай косцю, каштоўнымі камянямі, эмалямі, перламутрам, рознакаляровым шклом і іншымі матэрыяламі. Існавала традыцыя разны́х абкладаў з дрэва, якія пакрывалі ляўкасам і пазалотай.
Мастацтва абклада зарадзілася ў Візантыі больш тысячы гадоў таму назад. У Старажытнай Русі традыцыя “ўбрання” абразоў і богаслужэбных кніг пачала складвацца з XII ст. У тыя часы рызы прызначаліся для асабліва шанаваных святынь. Як правіла, ствараліся са срэбра і рабіліся ў тэхніцы чаканкі і разьбы. У наступныя стагоддзі майстры пачалі выкарыстоўваць тэхніку басмы – ціснення тонкага металічнага ліста з разной драўлянай (металічнай, каменнай) матрыцы. У мастацкіх адносінах раннія старажытнарускія іконныя “ўборы” былі вытрыманы ў строгім, амаль аскетычным стылі. Багацце абклада не было самамэтай, і цьмяны бляск срэбра, пакрытага тонкай чаканнай вяззю, толькі дапаўняў і падкрэсліваў працу іканапісца.
З пач. XVII ст. мастацтва абклада пачало развівацца як самастойны накірунак ювелірнай справы. На змену строгім сярэбраным рызам прыйшлі больш складаныя і дарагія. Майстры пачалі выкарыстоўваць золата і розныя тэхнікі афармлення: чарненне, эмаль, самацветы, філігрань.
На працягу XVII–XVIII стст. іконны абклад станавіўся ўсё больш раскошным і дарагім, пры гэтым ён стаў абавязковым атрыбутам. Асаблівая ўвага надавалася алтарным і цудатворным абразам. Упрыгожванне іконы лічылася богаўгоднай справай, і шчодрыя кцітары не скупіліся на аплату працы ювеліраў.
У XIX ст. з распаўсюджаннем класіцызму рызы страцілі былую пампезнасць і сталі больш сціплымі. Гістарызм канца стагоддзя абазначыў новы зварот да старажытнарускай традыцыі. Разам з тым усё больш распаўсюджанымі станавіліся танныя штампаваныя абклады, даступныя для простых людзей. Развіццё металургіі дазволіла паставіць іх вытворчасць на паток.
Бо́льшую частку абкладаў з ліку тых, якія захаваліся да нашых дзён, складаюць простыя ціснёныя рызы XIX ст., якія перажылі гады савецкай улады. Сёння яны з’яўляюцца асновай таго гістарычнага матэрыялу, на які арыентуюцца сучасныя майстры, адраджаючыя традыцыі праваслаўнага абклада.
На выстаўцы прадстаўлены найбольш каштоўныя прадметы XVIII – пач. XX ст. з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі – абразы Ісуса Хрыста, Маці Божай і Святых Праваслаўнай Царквы, богаслужэбныя рукапісныя і друкаваныя кнігі ў абкладах, зробленых з разнастайных матэрыялаў і ў розных тэхніках.

ubor_2017_3