Выстаўка ў Маскве

Напярэдадні Міжнароднага Дня роднай мовы Дзелавым і Культурным комплексам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і ўстановай культуры “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” 16 лютага 2017 г. у Маскве было праведзена сумеснае мерапрыемства “Міжнародны дзень роднай мовы”, у межах якога адкрыта выстава “Міфы і паданні ў каляндарнай абраднасці беларусаў” з фондаў музея. Адкрыццё прайшло з удзелам Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі І. В. Петрышэнкі. Прагучалі вершы еўрапейскіх класікаў на беларускай мове ў выкананні намесніка старшыні Савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Р.Р. Чарвонцава, верш М. Багдановіча ў выкананні начальніка Дэпартамента эканомікі і галіновых праграм Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы А.Ф. Гулевіч. У мерапрыемстве прадставіла канцэртную праграму лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў фальклорная група Белдзяржфілармоніі “Купалінка”.

З выставай удзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла Хведчына Вера Іванаўна, вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. На выстаўцы былі прадстаўлены галоўныя святы земляробчага календара: Каляды, Гуканне вясны, Вялікдзень, Зялёныя святкі, Купалле, Багач і найбольш цікавыя старажытныя абрады, сярод якіх калядаванне з казой, мядзведзем і буслом, гуканне вясны з “жаўрукамі” і “галёпамі” (буслінымі лапамі), абуджэнне зямлі праз цяганне Вясноўкі на баране, хаджэнне валачобнікаў на Вялікдзень, выпраўленне “русалкі” ў жытняе поле на Зелянец, ачышчэнне і абарона ад істот хтанічнага свету падчас Купалля, Дажынкі, Зажынкі, сустрэча з Жыценем (духам поля) на свяце Багач, “Жаніцьба коміна” і “Частаванне свечкі” ў восеньскіх абрадах шанавання агню як часткі сонца.

 Сярод экспанатаў, прадстаўленых на выставе, найбольшую цікавасць наведвальнікаў выклікалі народнае адзенне к. ХІХ – сяр. ХХ стст., габелены “Каляды”, “Купалле” майстрыхі з Барысава Галаватай Р.У., саламяныя калядныя маскі Блохавай Л.У. і разнастайныя вырабы з саломы іншых беларускіх майстроў. Шматгранным з’яўляецца комплекс прадметаў, прысвечаных Вялікадню, у беларускіх народных традыцыях: рушнікі ХІХ – пач. ХХ ст., пісанкі, маляванкі ХХ ст., яйка разное з салярнымі выявамі, горка для катання пісанак, музычныя інструменты валачобнікаў (ліра, скрыпка, жалейка, дудкі, гармонік, цымбалы) ХІХ–ХХ стст. Выстава стала яскравай падзеяй мерапрыемства, якая прыцягнула ўвагу гасцей і прадстаўнікоў СМІ.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA