Былі. Ёсць. Будзем

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка ў музеі пачала працу выстава польскага мастака беларускага паходжання Міраслава Здрайкоўскага “Былі, ёсць, будзем…”.

Міраслаў Здрайкоўскі – аўтар шматлікіх індывідуальных і калектыўных выстаў, ілюстратар вокладак да кніг і дыскаў CD. Усе творчыя пошукі мастака заснаваны на глыбокай адданасці беларускай народнай традыцыі і любові да роднай беларускай мовы.

Мастак жыве і працуе ў Беластоку. Нарадзіўся ў 1972 г. у Бельску-Падляскім. У родным горадзе скончыў агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання. Наступны этап творчага ўдасканалення – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў у Мінску.

Першыя творы да выставы “Былі, ёсць, будзем…” паўсталі пяць гадоў таму. Сваё натхненне для новага цыкла мастак знаходзіць у невычэрпнай народнай крыніцы – у беларускім ручніку. Фармат, кампазіцыя, каларыстыка гэтага цыкла твораў М. Здрайковскага – усё, як на ручніку, толькі намаляванае фарбамі на палатне. На выставе  экспануюцца 18 карцін мастака, сярод якіх цешаць вока краявіды Падляшша: “Жніво”, “Поле, “Буслы”, “Вербы”, “Бельск-Падляскі”… І над усім – “Маці Божая Бельск-Падляская”.

“Быў, ёсць, буду”, – пісаў Уладзімір Караткевіч. За ім жыццесцвярджальна паўтарае Міраслаў Здрайкоўскі: “Былі, ёсць, будзем…”, – даводзячы сваёй творчасцю неўміручасць беларускай народнай традыцыі.

Акрамя твораў Міраслава Здрайкоўскага на выставе прадстаўлены беларускія народныя ручнікі 1920-1930-х г. з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з Палескага ваяводства ІІ Рэчы Паспалітай. Ручнікі з’яўляюцца ўласнасцю Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.

Спадзяёмся, што выстава зацікавіць усіх неабыякавых да культуры і мастацтва нашага беларуска-польскага памежжа.

zdrajkowski_2017