Цуд адбыўся ў Палесціне

Пасха, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікдзень – найстаражытнейшае і самае важнае хрысціянскае свята. Усталявана ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста – цэнтральнай ідэі ўсёй біблейскай гісторыі і падмурка хрысціянскага вучэння – і разглядаецца як будучае выратаванне і выкупленне, якога чакаюць усе вернікі.

У Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі стала традыцыяй ладзіць выставу напярэдадні светлага свята Вялікадня. Госці музея пазнаёмяцца з адлюстраваннем найважнейшых падзей евангельскай гісторыі ад Вербнай нядзелі да Вялікадня. Асобная частка выставачнай прасторы прысвечана памятным сувенірам са Святой Зямлі, ласкава перададзеным пасольствам Дзяржавы Палестына ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам.

Апошні тыдзень перад Пасхай называецца Страсным. Асабліва вылучаюць Вялікі чацвер – дзень духоўнага ачышчэння і прыняцця таінства Прычасця, Страсную пятніцу – напамін пра пакуты Ісуса Хрыста, Вялікую суботу – дзень смутку і чакання. Падзеі Страснога тыдня на выстаўцы раскрываюцца праз прадметы сакральнага мастацтва (абразы, царкоўнае начынне, літургічныя тканіны, кнігі) з фондаў музея. Многія з іх прайшлі рэстаўрацыю  і экспануюцца ўпершыню.

Хрысціяне вераць, што ў нядзелю Ісус Хрыстос паўстаў з памерлых, каб засведчыць усяму свету, што Ён Сын Божы і мае моц перамагчы смерць. Сашэсце Ісуса Хрыста ў пекла ў евангелістаў прама не апісваецца, існуюць толькі асобныя ўзгадванні аб Яго знаходжанні там. Уваскрэсення Хрыстова не назіраў ніхто, у сувязі з гэтым абразы “Сашэсце ў пекла – Уваскрэсенне”, “Уваскрэсенне” належаць да сімвалічных выяў. Цэнтральнае месца на выставе займаюць абразы з вышэйназваным сюжэтам.

Спрадвеку для напісання абразоў выкарыстоўваліся толькі самыя лепшыя матэрыялы, а ў прыморскіх краях побач з традыцыйнымі матэрыяламі выкарыстоўваўся перламутр. З далёкіх паломніцкіх паездак у Віфлеем, Іерусалім хрысціяне прывозілі памятныя сувеніры – выявы святых на перламутравых ракавінах. У асноўным гэта былі абразы Багародзіцы ці кампазіцыі на евангельскія тэмы. Такія абразы, створаныя па ўнікальнай тэхналогіі, – адныя з самых прыгожых тварэнняў рук чалавечых.

У багаслоўі з ракавінай, або жамчужніцай, часта параўноўваецца Найсвяцейшая Багародзіца. Яна падарыла свету бясцэнны Жэмчуг – Хрыста. Перламутр унутрана звязаны з жэмчугам і нясе яго сімволіку. У Евангеллі з ім параўноўваецца Царства Нябеснае, якое, як каштоўную жамчужыну, набыў купец, прадаўшы ўсю сваю маёмасць. Перламутр – гэта сімвал Багародзіцы, Богаўцелаўлення і Царства Нябеснага. На выставе экспануюцца абразы, выкананыя з перламутру: абраз Маці Божай Віфлеемскі, абраз Маці Божай Іерусалімскі, абраз “Святая Сям’я”.

Вялікдзень – свята Вясны і Збаўлення. Жадаем, каб займальная і пазнавальная выстава падарыла нашым наведвальнікам новыя ўражанні, веды і добры настрой.

image description