Узнёслая Радасць Вялікадня

Напярэдадні велікодных свят Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі і Цэнтрам праваслаўнай культуры ў г.Беласток (Рэспубліка Польшча) 7 красавіка 2017 г. у Беластоку было праведзена сумеснае мерапрыемства “Узнёслая Радасць Вялікадня”. У яго межах пачала работу аднайменная выстава з фондаў музея. Пачалася імпрэза выступленнем хора Брацтва святых Кірыла і Мяфодзія.

Адкрыццё прайшло з удзелам Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у г. Беласток Рэспублікі Польшча Алы Фёдаравай, старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Яна Сычэўскага, саветніка-кіраўніка Культурнага цэнтра Беларусі ў Рэспубліцы Польшча Міхаіла Рыбакова, кіраўніка Цэнтра праваслаўнай культуры Магдалены Жданюк, галоўнага рэдактара часопіса “Праваслаўны агляд” Яўгена Чыквіна, канцлера Супрасльскай акадэміі Яраслава Юзвіка, доктара гістарычных навук прафесара Беластоцкага ўніверсітэта Антонія Мірановіча.

З выставай удзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла Хведчына Вера Іванаўна, вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. На выстаўцы былі прадстаўлены старажытныя кнігі, сярод якіх – выдатнае Евангелле 1644 г., абразы ХVІІІ – пач. ХХ ст.: “Тайная вячэра”, “Маленне аб чашы”, “Распяцце з прадстаячымі” з уразным крыжам, Ахтырскі абраз Маці Божай зводу “Не рыдай Мене, Мати”, “Зняцце з крыжа”, шэраг абразоў на тэму “Уваскрэсенне – Сашэсце ў пекла” ХІХ ст., “Тройца Новазапаветная”, драўляныя крыжы з жывапісным распяццем і прадстаячымі пачатку ХІХ ст., шматлікая медная пластыка з эмалямі ХVІІІ–ХІХ стст. Вялікую цікавасць наведвальнікаў і СМІ выклікалі паштоўкі к. ХІХ – пач. ХХ ст., асабліва часоў Першай сусветнай вайны.

Шматгранным з’яўляецца комплекс прадметаў, прысвечаны Вялікадню ў беларускіх народных традыцыях: ручнікі ХІХ – пач. ХХ ст., “пісанкі”, “драпанкі”, “маляванкі” ХХ ст., яйка разное з салярнымі выявамі, яйкі велікодныя жывапісныя і васкавыя з бісерам, каніцеллю ХІХ – пач. ХХ ст., горка для катання яек-маляванак. Напрыканцы мерапрыемства наведвальнікам была прадастаўлена магчымасць далучыцца да гульні – катання маляванак з горкі, ідэнтычнай той, што дэманструецца на выставе.