Гарады свету: позірк стогадовай даўніны

З 14 красавіка ў музеі экспануецца выстаўка “Гарады свету: позірк стогадовай даўніны”. На ёй да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены 73 рэдкіх паштовак з відамі гарадоў Польшчы, Расіі, Украіны і Літвы канца ХІХ – першай трэці ХХ стагоддзя, якія выйшлі ў выдавецтвах Масквы, Пецярбурга, Варшавы Вільні, Кракава, Львова,Стакгольма ды іншых гарадоў.

Першая паштовая картка з маркай і месцам для карэспандэнцыі была выпушчана 1 кастрычніка 1869 г. у Аўстра-Венгрыі. Гэта быў аркуш з тоўстай жоўтай паперы з месцам для адраса, паштовай маркай і без малюнкаў.

Падчас франка-прускай вайны жаўнеры пачалі суправаджаць паштовыя карткі ўласнаручнымі малюнкамі. Гэта ідэя была падтрымана камерсантамі. У 1870 годзе нямецкі кнігагандляр Аўгуст Шварц змясціў побач з адрасным радком ілюстрацыю – выяву артылерыста з гарматай. Неўзабаве паштоўкі пачынаюць упрыгожваць арнаментамі, партрэтамі вядомых асоб, рэпрадукцыямі твораў мастацтва.

Першая паштовая картка з гарадскім краявідам была надрукавана 18 ліпеня 1872 г. у Германіі. На ёй былі выяўлены старыя вуліцы Гётынгена. З сярэдзіны 80-х гг. ХІХ ст. паштоўкі з відамі гарадоў набіраюць усё большую папулярнасць і робяцца неад’емнай з’явай культурнага побыту. Іх выданнем займаліся ўладальнікі кнігарняў, фотаатэлье, друкарняў і літаграфій. Паштоўкі звычайна друкаваліся са здымкаў мясцовых фатографаў. Часцей за ўсё на іх выяўлялася парадная частка горада – цэнтральныя вуліцы, плошчы, паркі, адміністрацыйныя будынкі, вакзалы, навучальныя ўстановы, лякарні, храмы, помнікі. Мітуслівае жыццё месца заставалася на другім плане.

Дзякуючы паштоўкам назапасіўся багаты ілюстрацыйны матэрыял аб гарадах розных краін свету.

harady_2017_1 harady_2017_2 harady_2017_3 harady_2017_4 harady_2017_5