Медная конаўка XVII стагоддзя

З 11 красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі працуе выстаўка  “Медная конаўка – унікальны помнік рускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVII ст.”.

Меднае начынне XVII стагоддзя адносіцца да найкаштоўнейшых помнікаў матэрыяльнай культуры. Асаблівае месца сярод іх займаюць конаўкі – папулярны ў побыце посуд для піцця.
Няспешны, грунтоўны, мэтазгодны побыт мінулага забяспечваўся не толькі цяжкай працай, але і зручным, прыгожым начыннем. Медныя конаўкі, каўшы і браціны, зробленыя з вялікім густам і майстэрствам, сведчаць пра павагу майстра да сваёй працы і да людзей, для якіх ён працаваў. Прыкладам гэтага служыць упрыгожаная чаканным раслінным арнаментам конаўка, мяккая акругласць якой і спакойная форма мае шмат агульнага з драўлянымі творамі народнай творчасці, для якіх характэрна гарманічная сувязь паміж формай і арнаментам. Тулава конаўкі пакрывае густы фрызавы арнамент у выглядзе завіткоў, разетак, трыліснікаў.

Першыя медныя конаўкі ў Расіі з’явіліся ў XVII ст. У XVIII ст. іх выраблялі ўжо амаль паўсюдна. Да сярэдзіны XVIII ст. медны посуд у Расійскай Імперыі каштаваў вельмі дорага. Напрыклад, на Урале мясцовае насельніцтва выменьвала яго на футра: за адзін медны кацёл давалі столькі собаляў і чорных лісіц, колькі ў яго магло змясціцца.

У адрозненне ад золата і срэбра, медзь досыць распаўсюджана ў прыродзе, акрамя таго, яна добра куецца і параўнальна лёгка апрацоўваецца. Рускія майстры меднай справы ў XVII ст., не згубіўшы традыцый мінулага, дасягнулі высокай дасканаласці ў тэхнічнай і дэкаратыўнай апрацоўцы сваіх вырабаў.

Konauka_2017 Konauka_2017_1