Што за дзень святога Валянціна?

Незвычайныя падарункі і прыўзняты настрой, прыемныя ўсмешкі і чаканне цуда, чымсці падобнага да навагодняга, пісьмовыя прызнанні ў каханні – ўсё гэта шматлікія прыкметы надыходзячага Дня закаханых, які адзначаецца ў дзень св. Валянціна – 14 лютага. Гэта адносна новы для Беларусі звычай, асабліва папулярны сярод моладзі, атрымаў шырокае распаўсюджванне ў свеце дзякуючы ў першую чаргу сучасным сродкам масавай інфармацыі. Яго каранні – у заходнееўрапейскай культурнай традыцыі.

 Лічыцца, што першыя пісьмовыя валянцінкі з’явіліся ў ХV ст. у Англіі. У ХVІІ ст. яны пісаліся ў выглядзе верша, першыя літары якога складалі імя адрасату, і аздабляліся рысункамі. З вынаходніцтвам у ХІХ ст. друкаванай паштовай картачкі сталі распаўсюджвацца валянцінкі, надрукаваныя масавымі тыражамі з тэкстамі рознага зместу і рысункамі, якія размалёўваў сам уладальнік. Першая картачка, прысвечаная дню св. Валянціна, была надрукавана ў 1848 г. у ЗША.

Існуе думка, што традыцыя “свята закаханых” узыходзіць да старажытна-рымскага звычаю абіраць імёны нарачоных напярэдадні свята багіні Юноны (грэчаская багіня Гера), якая лічылася апякункай шлюбу і закаханых. Гэта язычніцкае свята адзначалася 15 лютага і з цягам часу аб’ядналася ў народнай свядомасці з днём памяці св. Валянціна.

У календарных спісах святых 14 лютага ўзгаданы два Валянціны. Абодва першахрысціянскія мучанікі – рымскі святар і біскуп Цярні каля Рыма, якія былі пазбаўлены жыцця ў ІІІ ст. у перыяд ганенняў на хрысціян. Невядома, ці былі гэтыя два Валянціны адной асобай ці рознымі, якія ўшаноўваліся ў адзін дзень.Паводле легенд св. Валянцін вельмі прыхільна ставіўся да закаханых, мірыў пасварыўшыхся, дарыў ім кветкі са свайго саду. Благаслаўлёныя ім жылі доўга і шчасліва, у сапраўдным каханні. Адно з паданняў гаворыць, што св. Валянцін пацярпеў за тое, што насуперак волі рымскага імператара патаемна благаслаўляў шлюбы легіянераў-язычнікаў з хрысціянкамі. За гэта быў схоплены, зняволены і асуджаны да смяротнага пакарання. Перад смерцю святы паспеў перадаць ліст, адрасаваны дзяўчыне, якую вылячыў ад слепаты. У пасланні стаяў подпіс “твой Валянцін”.

Св. Валянцін пацярпеў за тое, што насуперак волі рымскага імператара патаемна благаслаўляў шлюбы легіянераў-язычнікаў з хрысціянкамі У памяць пра гэту рамантычную падзею і нарадзілася традыцыя “валянцінак” – пісьмовых прызнанняў у каханні, якія аўтары падпісваюць ад імя святога Валянціна.Паводле іншай легенды св. Валянцін вылечваў людзей ад хваробаў, быў таленавітым прапаведнікам і навярнуў у хрысціянскую веру мноства язычнікаў, за што быў схоплены і пазбаўлены жыцця. Перад смяротным пакараннем перадаў адной дзяўчыне ліст, які меў форму сэрца. Таму і сёння закаханыя дасылаюць сваім выбраннікам паштоўкі і лісцікі ў форме серца. Пры чым у якасці прыстальнай увагі ў гэты дзень можа аказацца не толькі нарачоны альбо нарачоная, але і кожны, хто нам дарагі і да каго мы маем пэўную сімпатыю.

Не трэба толькі забываць, што Дзень закаханых – свята сучаснай масавай культуры і ставіцца трэба да яго з пэўнай доляй гумару.