Выстава савецкага мастацтва

З 9 чэрвеня ў музеі экспануецца выстаўка “Краіна Саветаў: вехі гісторыі ў мастацтве”

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года – неадназначная і супярэчлівая падзея, якая змяніла жыццё мільёнаў людзей не толькі ў былой Расійскай Імперыі, але і ва ўсім свеце. Значнасць гэтай падзеі і сёння не ў поўнай меры асэнсавана грамадствам, а яе наступствы ва ўсіх сферах чалавечага жыцця адчувальныя і праз стагоддзе.

Адной з галоўных мэт рэвалюцыі з’яўлялася фарміраванне “новага чалавека”, што было немагчыма без стварэння новай культуры. Гэтая культура ўпершыню праз кінематаграфічныя экраны, рупары радыёпрыёмнікаў і палотны жывапісцаў звярталася да ўсіх людзей краіны. Аднак і яна перажывала розныя перыяды свайго развіцця. Калі ў першыя гады савецкай улады віталася і падтрымлівалася мастацкае наватарства, то ўжо ў 1930-я гады пачалося стварэнне ўніверсальнага стылёвага накірунку – сацыялістычнага рэалізму, які павінен быў вызначыць аблічча новай культуры на дзесяцігоддзі. Свядома адмовіўшыся ад эстэтызацыі і абстракцыі, сацыялістычны рэалізм ставіў у цэнтр увагі творчасці працаўніка яго дасягненні і перамогі.

Пасляваенны час стаў пікам развіцця сацрэалізму ва ўсіх відах мастацтва. У Беларусі важнай адметнасцю было выкарыстанне гэтага стылю ў творах мастацтва апрацоўкі шкла. Тэмы Кастрычніцкай рэвалюцыі, з’ездаў Камуністычнай партыі, стварэння Камуністычнага саюза моладзі, Вялікай Айчыннай вайны, вобразаў кіраўнікоў партыі, дзяржавы і арміі, касманаўтыкі і важнейшых культурных падзей знайшлі сваё адлюстраванне ў работах беларускіх майстроў. Характэрна, што гэтыя працы нясуць адбітак нацыянальных традыцый і прыёмаў, а таксама асаблівасцей як уласцівага для мяжы 1940–50-х гадоў “сталінскага ампіру” з яго імкненнем да пампезнасці, велічнасці і раскошы, так і папулярнага ў 1960-я гады “суровага стылю”, рысамі якога былі выразныя стрыманасць, умоўнасць і прастата формаў.

Выстаўка “Краіна Саветаў: вехі гісторыі ў мастацтве” прымеркавана да 100-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі і прапануе ўзгадаць асноўныя падзеі савецкай гісторыі праз прызму мастацкіх твораў, выкананых у 1930–1980-х гадах. На выстаўцы экспануюцца прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва са шкла і керамікі, а таксама рарытэтныя ўзоры савецкага плаката са збораў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, шклозавода “Нёман” (г. Бярозаўка Лідскага раёна). Сярод прадстаўленых работ вылучаюцца творы прызнаных майстроў мастацкага шкла У. Мурахвера і Л. Мягковай. Для іх вырабаў характэрны выяўленчая дэкаратыўнасць, манументалізм, сэнсавая выразнасць колеру, элегічная філасафічнасць зместу, апавядальная лірычная вобразнасць.

Работы беларускіх мастакоў і майстроў перамясцілі мастацтва апрацоўкі шкла за рамкі стварэння посуду, ператварылі яго ў мастацтва колеру, пластыкі і выразнай графічнасці.

kraina_2017_1