Больш годная пашаны за херувімаў

Шанаванне Маці Божай – адметная рыса духоўнага жыцця хрысціяніна. Ёй прысвечаны храмы, шматлікія літургічныя спевы і малітвы, багаслоўскія і літаратурныя працы, творы сакральнага мастацтва.

Культ Дзевы Марыі грунтуецца на догмаце Богаўвасаблення. Праз Яе боская і чалавечая прырода аб’ядналіся ў Ісусе Хрысце. Дзева Марыя стала прамой пераемніцай Евы – маці ўсіх людзей. “Дзева Ева выгнала нас з раю, – піша святы Іаан Залатавуст, – праз Дзеву Марыю мы здабылі вечнае жыццё – чым асуджаны, тым і ўвенчаны”.

Першыя выявы Маці Божай з’яўляюцца ўжо ў канцы ІІ стагоддзя ў сюжэтах Раства Хрыстова. З цягам часу фарміруюцца іншыя іканаграфічныя тэмы жыційнага цыкла. Крыніцамі для іх былі як кананічныя Евангеллі, так і апокрыфы. Да V ст. у Візантыі склаліся тры іканаграфічныя тыпы вобраза Маці Божай: Адзігітрыя, ці Пуцяводніца (грэч. Οδηγήτρια – Пуцяводная), Елеуса, ці Замілаванне (грэч. Ελεούσα – Міласцівая), Аранта, ці Якая моліцца (ад лац. оrans – які моліцца). Пазней узнікае яшчэ адзін тып абразоў – акафістныя. Яны з’яўляюцца ілюстрацыяй таго ці іншага эпітэта, якім Маці Божая ўслаўляецца ў рэлігійных гімнах у Яе гонар (акафістах, кандаках, трапарах ды інш).

Беларуская іканаграфія Багародзіцы ўзыходзіць да традыцый Старажытнай Русі, Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Яны былі засвоены і перапрацаваны мясцовымі майстрамі, а затым аб’яднаны са стылістычнымі асаблівасцямі мастацтва Заходняй Еўропы. Пад уплывам заходнееўрапейскага рэлігійнага жывапісу беларускія іканапісцы XVI–XVII стст. пераасэнсоўвалі кананічныя сюжэты, уводзілі ў іх рэалістычныя элементы: перспектыву і глыбіню прасторы, аб’ёмнасць фігур і лікаў, пейзаж, побытавыя дэталі, часам запазычвалі з каталіцкага жывапісу цэлыя кампазіцыі. На выяву апраналі сярэбраныя абклады і кароны.

У кожным буйным горадзе, мястэчку, у манастырах, а часам і ў вясковых цэрквах былі свае ўслаўленыя цудатворныя абразы Багародзіцы. З іх рабілі шматлікія спісы для храмаў, каплічак і хатніх бажніц. Агулам у 2-й пал. ХІХ ст. у Беларусі налічвалася больш за 50 мясцовых цудатворных абразоў. Абразы Маці Божай Вастрабрамскі, Жыровіцкі, Чанстахоўскі шанаваліся па ўсёй краіне. Нярэдка адна і тая ж ікона рабілася аб’ектам пакланення як сярод праваслаўных, так і ўніятаў і католікаў лацінскага абраду. Такім чынам абразы Багародзіцы быццам аб’ядноўвалі хрысціян розных канфесій.

З прыходам Новай Евы стаўленне да жанчыны зрабілася больш паважлівым. Сярод першых паслядоўнікаў Хрыста было нямала жанчын. Яны суправаджалі Яго на Галгофу, стаялі ля Крыжа, першымі даведаліся аб уваскрэсенні Богачалавека, а затым распаўсюджвалі хрысціянства па ўсім свеце. Многія аддалі жыццё за свае перакананні і загінулі пакутніцкай смерцю, іншыя прысвяцілі сябе апостальскай працы, падзвіжніцтву і міласэрнасці. Гісторыя хрысціянства падаравала нам святых Марыю Магдаліну, Параскеву, Кацярыну, Варвару, Вольгу ды шмат іншых.

На выставе экспануюцца творы сакральнага мастацтва XVII–XX стст. з фондаў Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі, прысвечаных Маці Божай і святым жанчынам.

 

Scroll to Top