Кінемо 2017

Фестываль пад адкрытым небам, які аб’ядноўвае кіно і музыку, пройдзе ў гэтым годзе ва ўнутраным дворыку музея гісторыі рэлігіі з 7 па 9 ліпеня.

«Кінемо» – фестываль, створаны праектам Cinemascope і Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў, стаў традыцыйным у летнім Гродна і ўжо ў чацвёрты раз будзе здзіўляць сваіх гасцей новымі гукамі і кадрамі.

У гэтым годзе праграма насычана гумарам і рэдкімі кінастужкамі, а таксама разнастайнасцю інструментаў. Музыка ствараецца кампазітарамі спецыяльна для фестывальных фільмаў і спаўняецца ў рэальным часе, што робіць унікальным кожны вечар.

«Кінемо» пачнецца з меладраматычнай камедыі пра бацькоў і дзяцей у суправаджэнні піяніста-віртуоза, саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандра Музыкантава. У другі вечар гродзенскія гледачы змогуць убачыць рэдкі польскі фільм у суправаджэнні Galloping Lethargy – калектыву з пяці самабытных польскіх і англійскіх музыкаў. Трэці вечар падрыхтаваў гасцям тры кароткаметражных фільма ад прафесіяналаў і пастаянных стваральнікаў музычнай часткі «Кінемо» Вольгі Падгайскай, Ілоны Лесь, Анастасіі Карпенка і Максіма Круглага.

Саграваць і астуджаць тых, хто прыйшоў у дворык тры вечары запар будзе Кавярня .Я., добра знаёмая гродзенцам.

ПРАГРАМА:

7 ЛІПЕНЯ / 22:00

Параходны Біл-малодшы | Steamboat Bill, Jr.

(1928, рэж. Чарльз Райснер і Бастер Кітан)

Уілі – сціплы і ціхі выпускнік каледжа – вяртаецца з Бостана ў родны горад на рацэ Місісіпі. Яго бацька Біл – суровы капітан рачнога парахода – вядзе жорсткую барацьбу з уладальнікам больш сучаснага судна. Суперніцтва капітанаў прыводзіць Біла-старэйшага ў турму, і зараз сыну трэба будзе заняць яго месца. І без таго няпростая задача ўскладняецца тым, што Біл-малодшы улюбляецца ў дачку канкурэнта бацькі.

Музыка: Аляксандр Музыкантаў (фартэпіяна)

8 ЛІПЕНЯ / 22:00

ЛЮДЗІ БЯЗ ЗАЎТРА | Ludzie bez jutra

(1919, рэж. Аляксандр Херц)

Ротмістр гусараў Альфрэд Руніч заручаны з дачкой Паўла Леніна, старшыні гарадскіх тэатраў у Варшаве. Для новай прэм’еры старшыня запрашае знакамітую акторку Лолу Вірскую – красуню, вядомую сваімі шматлікімі любоўнымі раманамі. Папярэдняя зорка тэатра Хелена Хорска папярэджвае калегаў пра інтрыгі канкурэнткі, але мужчыны не прыслухоўваюцца да перасцярог, не падазраючы, што іх чакае трагедыя …

Музыка: Galloping Lethargy (Польшча)

Выканаўцы: Антаніна Навацка (вакал), Рэй Дзікаты (саксафон), Філіп Палмер (саксафон), Павел Дзядур (электроніка), Томэк Холоневски (перкусія)

9 ЛІПЕНЯ / 22:00

Праграма кароткаметражных фільмаў

Паліцэйскія | Cops

(1922, рэж. Эдвард Ф.Клайн і Бастер Кітан)

Малады чалавек шукае ўзаемнасці ў дачкі мэра, але яна згодная быць з ім, толькі калі ён стане буйным бізнэсмэнам. На шляху да сваёй мэты малады чалавек трапляе ў няласку адразу ва ўсіх паліцэйскіх Лос-Анджэлеса і вымушаны ратавацца ўцёкамі.

НА ГАЛАВАКРУЖНАЙ ВЫШЫНІ | High and Dizzy (1920, рэж. Хэл Роўч)

Пачатковец лекар не распешчаны ўвагай пацыентаў. Калі на парозе яго кабінета з’яўляецца прыгожая дзяўчына, якая пакутуе ад лунатызму, малады спецыяліст забывае пра ўсё і з першага погляду па вушы ўлюбляецца ў наведвальніцу. Аднак бацька дзяўчыны знаходзіць паводзіны лекара падазронымі…

НАПАДЗЕННЕ | Polizeibericht Überfall (1928, рэж. Эрне Метцнер)

Выпадковы мінак знаходзіць на вуліцы манету і садзіцца гуляць у косці ў сумнеўнай установе. Ён выйграе і сыходзіць, аднак злашчасная манета ўцягвае небараку ў вір падзей, развязка якіх наступае на шпітальным ложку.

Музыка: Максім Круглы (электроніка), Вольга Падгайская (фартэпіяна), Ілона Лесь (віяланчэль), Анастасія Карпенка (скрыпка)

Месца правядзення:

 Унутраны дворык Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі,

 вул. Замкавая 16.

Збор гасцей а 21:30. Пачатак паказаў а 22:00.

Кошт уваходнага білета на адзін паказ:

загадзя – 6,00 р.

у дзень паказу – 7,00 р.

Білеты можна набыць у касе музея загадзя і ў дзень мерапрыемства

Каса працуе: штодня з 10:00 да 17:30, тэл .: 74 48 89

Колькасць квіткоў абмежаваная.

Даведкі па тэлефонах: + 375 44 5756778, +375 29 7885194

* Вітаюцца: цёплая вопратка, дыванкі для тых, хто не хоча сядзець на крэслах.

kinemo_2017