Восень. Дамы прыляцелі

16 жніўня ў канцэртнай зале Музея гісторыі рэлігіі адбылося адкрыццё выставы работ мастака Сяргея Радзюка

Сяргей Радзюк нарадзіўся 6 лістапада 1965 г. у Белаазёрску (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці). У 1989 г. пераехаў у Волагду. Першую персанальную выставу адкрыў у 1990 г. у зале Валагодскага аддзялення Саюза мастакоў Расіі. У 1994 – 1995 гг. – старшыня Валагодскага аддзялення, член праўлення Саюза мастакоў Расіі. З’яўляўся адным з стваральнікаў Міжнароднай грамадскай арганізацыі мастакоў “Сонечны квадрат”, адным з першых арганізатараў і натхняльнікаў пленэрных практык у Расіі і за мяжой. Быў ініцыятарам сустрэчы мастакоў Іванаўскай, Валагодскай, Кастрамской, Уладзіміроскай і Яраслаўскай абласцей, якая адбылася ў 1995 г. з мэтай арганізацыі рэгіянальных выстаў. Пасля сыхода з пасады старшыні заснаваў творчае аб’яднанне “Сонечны квадрат”. У 1996 г. арганізаваў пленэры ў Тоцьме (Валагодская вобласць), Мінску, Гарачым Ключы (Краснадарскі край), а таксама шэраг выстаў. З 1997 г. Сяргей Радзюк разам з Чарапавецкім музейным аб’яднаннем заснаваў ва Уладзіміраўцы (Чарапавецкі раён Валагодскай вобласці) на базе літаратурнага музея Ігара Севяраніна новы Дом творчасці. Пленэры, якія ў ім праходзяць, адзначылі ў гэтым годзе сваё дваццацігоддзе. Іх удзельнікамі былі мастакі з 17 краін свету. Выставы мастакоў “Сонечнага квадрата” экспанаваліся ў Бельгіі, Індыі, В’етнаме, Беларусі, Францыі, Іспаніі. У Люксембурзе Сяргей Радзюк правёў два паўнавартасныя сезоны выстаў расійскіх мастакоў і 3 пленэры “Сонечны квадрат”.

Зараз Сяргей Радзюк жыве і працуе ў Маскве. У 2009 г. ён заснаваў школу жывапісу “Сонечны квадрат”, дзе выкладае. Яго вучні працягваюць навучанне ў вядучых мастацкіх і архітэктурных ВНУ Расіі. У 2013 г. Сяргей Радзюк зноў узначаліў творчае аб’яднанне “Сонечны квадрат”. Прыняў удзел у больш, чым 100 міжнародных і расійскіх выставах. Карціны мастака знаходзяцца ў асабістых зборах Патрыярха Маскоўскага і Усея Русі Кірыла, а таксама караля Камбоджы і вялікага герцага Люксембурга, Музеі рускага імпрэсіянізме (г. Масква), Музеі сучаснага мастацтва (г. Сеул, Рэспубліка Карэя) і інш.

Творчае крэда Сяргея Радзюка: мастак – гэта не прафесія, а філасофія. Радзюк падзяляе светапогляд мастакоў, якія, як Пікасо, працуюць у розных стылях. Ён лічыць, што мастак, як і артыст, павінен пераўвасабляцца. Калі мастака цікавяць розные тэмы, то раскрываць іх трэба па-рознаму. Кожнай тэме неабходна знайсці сваю пластычную мову. Выбіраючы або распрацоўваючы яе, мастак мае права выкарыстоўваць і любы прыдатны тэме стыль.

Сяргей Радзюк імкнецца да сінтэзу мастацтваў і змешванню жанраў. Ён са сваімі паплечнікамі блізкі да ўвасаблення ў жывапісе стылю джаз. Джаз – гэта перш за ўсё імправізацыя. Таму Сяргей вялікую ўвагу надае стварэнню жывапісных палотнаў, часта імправізуючы са сцэны, а часта і прапаноўваючы спачатку гледачу ўнесці сваю лепту на паверхню палатна, падзяліўшыся сваімі думкамі і энергетыкай. Аднак выстава “Восень. Дамы прыляцелі” ўяўляе іншыя творы мастака Радзюка. Аўтар таксама стварае іх не зусім асэнсавана, увёўшы сябе ў нейкі асаблівы творчы стан, выказваючы на палатне, аркушы або дошцы сюжэты сваёй падсвядомасці. Гэта сюррэалізм, так ўпадабаны гледачом ХХ стагоддзя, за сюжэтамі якога мастакі хаваюцца ад агрэсіўнай рэальнасці або папярэджваюць грамадства аб тым, чаго трэба пазбегнуць. Гэта і сны, багатыя вобразамі, і сімвалы, і разважанні над той ці іншай канцэпцыяй.

Выстава дорыць нам рамантычныя фантастычныя сюжэты з лятучымі дамамі, якія снедаюць у аблоках, людзей, якія гуляюць па балоце і сядзяць на дрэвах, а пейзажы, акрамя традыцыйнай гульні цёплых і халодных адценняў, дыхаюць паветрам, прывідна лёгкія, насуперак матэрыяльнасці фарбы, бязлюдныя і цнатлівыя ў сваёй першаснасці.

Radjuk_2017