Яе Вялікасць Кніга

31 жніўня ў Вялікай выставачнай зале музея адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Адкрывае выставу раздзел прысвечаны рукапіснай кнізе. У Сярэднявеччы перапісванне святога тэксту лічылася своеасаблівым прыкладам паслухмянасці Богу, які суправаджаўся малітвай, постам і устрыманнем. Адсюль трапяткое стаўленне, піетэт верніка перад Пісаннем. На Бібліі ў судах давалі прысягу, на яе палях шляхта рабіла ўкладныя запісы на карысць храмаў, Псалтыр клалі нябожчыку ў труну. Доступ да кніг ў часы Вялікага княства Літоўскага быў абмежаваны. Рукапісная кніжная традыцыя бытавала ў Беларусі яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Выстава дае рэдкую магчымасць рэдкую магчымасць убачыць рарытэтныя рукапісныя кнігі рускіх старавераў і іўдзейскую Тору, напісаную на пергаміне.

Вынаходніцтва друкаванага станка Іяганам Гутэнбергам у 1440-я гг. дало штуршок распаўсюджванню кнігі, зрабіла яе агульнадаступнай, таннай, змяніла знешняе аблічча. Далучэнне да найноўшых тэхнічных дасягненняў Заходняй Еўропы дазволіла Францыску Скарыну пакласці пачатак беларускаму кнігадрукавання. Менавіта ён 6 жніўня 1517 г. надрукаваў у Празе “Псалтыр”.

На выставе прадстаўлена кніжная прадукцыя XVI – XVIII стагоддзяў галоўных друкарскіх цэнтраў Вялікага княства Літоўскага. Уражвае яе багацце і разнастайнасць. Гэта кнігі розных канфесій, рознай тэматыкі, на польскай, царкоўнаславянскай і лацінскай мовах. Сярод іх ёсць сапраўдныя шэдэўр – «Евангелле», надрукаванае ў 1644 годзе ў Еўе (цяпер Вывіс, Літва) Віленскім Святодуховым праваслаўным брацтвам. На думку кнігазнаўцы, гэта адно з найбольш маляўнічых, багата ўпрыгожаных выданняў за ўвесь перыяд існавання брацкага беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Гравіраваны тытульны ліст, выявы чатырох евангелістаў, многія застаўкі, канцоўкі, ініцыялы ўзыходзяць да выданняў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, друкарні Мамонічаў, а таксама Віленскай брацкай друкарні Сьв. Духа. Для жыхароў горада над Нёманам ўяўляе цікавасць «Кніга аб веры», якая пабачыла свет у 1785 годзе ў Гродзенскай каралеўскай друкарні.

У Вялікім княстве Літоўскім цэнтрамі кніжнасці былі манастырскія бібліятэкі і кніжныя зборы магнатаў і шляхты. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць асобныя выданні з бібліятэк гродзенскіх манастыроў францысканцаў і брыгітак.

Выстава “Яе Вялікасць Кніга” разлічана на шырокае кола наведвальнікаў. Асабліва цікавая яна для школьнікаў, студэнтаў, а таксама для ўсіх аматараў кнігі. Выстава завершыць сваю працу ў лістападзе 2017 года.

kniha_2017_afisha