Адкрываючы Афрыку: вераванні, рытуалы, традыцыі

 

УК “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” запрашае гродзенцаў і гасцей горада наведаць выстаўку “Адкрываючы Афрыку: вераванні, рытуалы, традыцыі” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі (г. Санкт-Пецярбург, Расія).

Наведвальнікі маюць магчымасць пабачыць арыгінальныя творы мастацтва і побытавыя прадметы, якія паходзяць з розных краін Афрыканскага кантынента, даведацца пра асаблівасці розных афрыканскіх культур, адчуць гарачую атмасферу далёкага мацярыка ў цэнтры старажытнага горада.

Аснову калекцыі складаюць зборы вучонага-афрыканіста Уладзіміра Раманавіча Арсеньева (1948-2010) і калекцыянера Ігара Уладзіміравіча Капытцава (1966-2009), якія працяглы час вандравалі па розных краінах Афрыкі, жылі сярод мясцовых народаў, даследвалі іх духоўную і матэрыяльную культуру. Таксама на выстаўцы знаходзяцца прыклады традыцыйнай зброі народаў Эфіопіі, якія былі сабраныя яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя Мікалаем Сцяпанавічам Лявонцьевым (1862-1910).

Прадстаўленыя экспанаты падзелены на некалькі тэматычных частак: культ продкаў, культы земляробчага цыкла, тайныя таварыствы, абрады ініцыяцыі, побытавыя прадметы, якія маюць магічнае значэнне, лялечны тэатр і музычныя інструменты. Сярод іх вылучаюцца скульптурныя выявы продкаў, зброя, рытуальныя маскі, тэатральныя лялькі і іншае.

Варта адзначыць, што выстаўка з фондаў пецярбургскага музея ўпершыню пакінула горад на Няве. Жыхары і госці Гродна маюць вынятковую магчымасць пазнаёміцца з прадстаўленымі экспанатамі першымі ў Беларусі.

Выстаўка будзе працаваць да канца кастрычніка 2021 года.

Scroll to Top