Імпрэзы 2017

ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ РЭЛІГІІ ЗАПРАШАЕ НАВЕДАЦЬ ІМПРЭЗЫ І ВЫСТАВЫ Ў 2017 ГОДЗЕ

  • Люты:

выстава “Героі дзіцячых кніг і мультфільмаў на паштоўках мінулага стагоддзя”. У лютым – сакавіку 2017 г. маленькіх і дарослых наведвальнікаў музея чакае сустрэча з любімымі героямі кніг (казак, апавяданняў) і мультфільмаў ХХ стагоддзя;

выстава “Убранне з Божага святла”. Прымеркаваная да XVI Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест”, выстава прысвечана мастацтву ікон і кніжнага акладу;

выстава Баль калядных завей. Элементы бальных строяў, элегантныя мужчынскія і жаночыя аксесуары створаць у наведвальнікаў адчуванне каляднага балю. Цудоўная калекцыя абавязковых атрыбутаў жаночых бальных нарадаў – веераў ХVІІІ – пачатку ХХ стагоддзя з Кітая, Францыі, Англіі, Ірландыі, Германіі, Іспаніі – дапаможа прадставіць сапраўдную атмасферу свята Раства. На выставе праводзяцца экскурсіі з інтэрактыўным блокам;

выстава аднаго прадмета Першае выданне твораў святога Яфрэма Сірына – узор друкарскага мастацтва XVIII ст.. Увазе наведвальнікаў прапануецца збор твораў святога Яфрэма Сірына (306–373), упершыню выдадзены ў 1740 годзе ў Рыме. Шматлікія гравюры, застаўкі, канцоўкі, ініцыялы, выкананыя вядомымі гравёрамі Італіі, ператвараюць выданне ва ўзор друкарскага мастацтва.

  • Сакавік:

– з сакавіка пачынаецца анімацыйна-адукацыйная праграма Кола гісторыі. Першы занятак прысвечаны знаёмству з архаічнымі вераваннямі нашых продкаў праз займальнае тэатралізаванае прадстаўленне для маленькіх і дарослых гасцей музея. Лялечныя персанажы наглядна прадэманструюць лад жыцця ў першабытным грамадстве, яго змяненне з цягам часу, даступна асвецяць шматгранныя паганскія вераванні;

 

мерапрыемства, прысвечанае яўрэйскаму святу Пурым, усталяванаму ў памяць выратавання яўрэйскага народа ад знішчэння міністрам цара Артаксеркса Аманам (у рамках праграмы “Дні яўрэйскай культуры”);

выстава Светлае свята Вялікадня. Выстава – сумесны праект музея і Пасольства Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь. На выставе будуць паказаны вырабы сакральнай тэматыкі з перламутру. Мастацтва вырабу прадметаў з перламутру, нарадзіўшыся ў XVII стагоддзі ў Палестыне, неўзабаве стала для гэтага краю традыцыйным. Дзяржава Палестына і сёння з’яўляецца цэнтрам вытворчасці вырабаў з перламутру, у якіх спляліся разам хрысціянскія і ісламскія традыцыі.

Красавік:

 мерапрыемства, прысвечанае святу Песах, усталяванаму ў памяць аб сыходзе габрэяў з егіпецкага рабства (у рамках праграмы “Дні яўрэйскай культуры”). Удзельнікі мерапрыемства пазнаёмяцца з гісторыяй свята, прагучаць музычныя творы і вершы яўрэйскіх паэтаў;

музейны квэст да 500-годдзя кнігадрукавання на Беларусі для вучняў І ступені адукацыі па экспазіцыі “Рэлігія і культура ў Беларусі”. У гульнёвай форме адбудзецца знаёмства з кніжнай спадчынай беларускіх зямель, з тымі, хто стаяў ля вытокаў беларускай кніжнай культуры: Кірылам Тураўскім, Францыскам Скарынам і Ефрасінняй Полацкай. Гасцям давядзецца выкарыстоўваць не толькі веданне гісторыі, але і ўключыць пошукавыя ўменні для знаходжання адказаў;

выстава Гарады свету: погляд стагадовай даўніны. Увазе наведвальнікаў прапануюцца рэдкія паштоўкі канца ХІХ – першай трэці ХХ ст. з відамі гарадоў свету. Найбольш поўна на выставе будуць прадстаўлены гарады суседніх з Беларуссю краін: Расіі, Польшчы, Літвы.

  • Май:

– 20 мая – акцыя Дзень і ноч у музеі да Міжнароднага дня музеяў. Чароўная ноч, напоеная водарам кветак, агорне гасцей атмасферай рамантыкі, кахання, пяшчоты і галантнасці. Дамам і кавалерам будзе прадстаўлена магчымасць успомніць найважнейшыя правілы этыкету, якія дыктаваліся грамадствам некалькі стагоддзяў таму, у дасканаласці вывучыць мову веера, у адкрытую пасакрэтнічаць са сваёй другой палавінай з дапамогай незвычайнай гульні, атрымаць асалоду ад тэатральнай пастаноўкі на свежым паветры, саграваючыся духмянай кветкавай гарбатай, і многае іншае;

выстава Урокі стагоддзя (мастацтва савецкага плаката 1917–1991 гг.). На выставе будуць прадстаўлены атэістычныя плакаты перыяду 1919–1980-х гадоў. Многія з іх – прыклады цудоўнай графікі. Будучы часцей за ўсё ўзорамі ўбогай, прымітыўнай прапаганды, савецкія плакаты ўяўляюць сабой арыгінальнае люстра амаль 80-гадовага перыяду велізарнай краіны і з’яўляюцца найцікавейшай старонкай сусветнай сатырычнай графікі;

выстава аднаго прадмета З друкарні Тызенгаўза. Увазе наведвальнікаў прапануецца стараверскі палемічны зборнік “Кніга аб веры”, які выйшаў у 1785 г. у Гродзенскай каралеўскай друкарні Антонія Тызенгаўза. Выданне вылучаецца шматлікімі застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі і высокай якасцю друку.

  • Чэрвень:

выстава Талісман. Амулет. Абярэг. Экспанаты выставы прадстаўляюць унікальную магчымасць акунуцца ў загадкавы свет абярэга, пазнаёміцца ​​з гісторыяй і традыцыямі выкарыстання магічных прадметаў у культурах розных народов.

Імкненне чалавека засцерагчы сябе ад няўдач, хвароб і зла з’яўляецца такім жа старажытным, як і сам чалавек. З часоў насельнікаў пячор амулет – прадмет, надзелены таемнымі магічнымі сіламі, – выконваў ролю абаронца чалавека.

У час працы выставы наведвальнікі змогуць самастойна вырабіць адзін са славянскіх абярэгаў;

– канец чэрвеня – пачатак ліпеня: фестываль нямога кіно “Кинемо”. На працягу трох вечароў ва ўнутраным дворыку музея будзе дэманстравацца нямое кіно класікаў сусветнага кінематографа, агучанае сучаснымі музыкамі і кампазітарамі.

  • Жнівень:

выстава Кніжныя скарбы (да 500-годдзя кнігадрукавання Беларусі і Рэфармацыі). На выставе будуць прадстаўлены ўнікальныя рукапісныя і старадрукаваныя кнігі ХVІ–ХVІІІ стст. розных канфесій, у тым ліку рэфармацыйныя выданні;

выстава аднаго прадмета Францыск Скарына ў мастацтве медалі”. На выставе будуць прадстаўлены медалі, выпушчаныя да 500-годдзя беларускага першадрукара Францыска Скарыны;

– 25 жніўня – мерапрыемства “Ажыўшыя легенды”. Гасцей чакае сустрэча з першым уладальнікам палаца Каралем Храптовічам – экскурс у мінулае палаца скрозь стагоддзі. Падарожжа па знакавых мясцінах горада, звязаных з Каралем Храптовічам. Працягласць праграмы – 2 гадзіны.

  • Верасень:

– з 14 верасня па 12 лістапада плануецца выстава Беларускія героі казак, міфаў, легенд”. Дамавік і Ёўнік, Шатаны і Злыдні, Жыцень і іншыя персанажы беларускіх казак і міфаў з’яўляюцца галоўнымі героямі выставы, створанай у рамках рэалізацыі аднаго з этапаў праекта LIPA.CLUB, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя беларускага сучаснага мастацтва ў свеце. У жыхароў і гасцей нашага горада з’явіцца магчымасць аднымі з першых убачыць гэты ўнікальны праект з элементамі квэста, які спалучае ў сабе як класічныя формы (графіку, скульптуру), так і сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі. Выстава нясе ў сабе элементы цікавай гульні, крэатыву і інтэрактыву. Вас чакае падарожжа не толькі ў свет беларускай міфалогіі, але і па таемных кутках віртуальнай рэальнасці праекта LIPA.CLUB. Зазірнуць за грань рэальнага свету, сутыкнуцца лоб у лоб з ажыўшымі героямі беларускіх казак, міфаў і легенд стане магчымым з дапамогай гарнітуры Oculus Rift, якой будзе абсталявана выставачная зала;

выстава “Адкрыццё святой прыгажосці”, прысвечаная мастацтву графікі ХІХ стагоддзя. На ёй упершыню ў гісторыі музея будзе прадстаўлена калекцыя гравюрных дошак, а таксама адбіткі з іх, якія дазволяць “убачыць” творчую задуму аўтара і пазнаёміцца ​​з біблейскімі сцэнамі Старога і Новага Запаветаў. Асобны раздзел прадставіць абсталяванне і інструменты гравёра. Экскурсіі будуць праводзіцца з інтэрактыўным блокам – можна будзе адчуць сябе майстрам-друкаром, зрабіць адбітак на паперы.

  • Кастрычнік:

кастрычнік – лістапад: выстава ксяндза-скульптара Анатаса Рымавичуса “Для Бога і для чалавека” (сумесны праект музея гісторыі рэлігіі і Шаўляйскага музея “Аўшрос” (Літоўская Рэспубліка);

мерапрыемства, прысвечанае святу Сукот, усталяванаму ў памяць аб блуканні яўрэйскага народа па Сінайскай пустыні (у рамках праграмы “Дні яўрэйскай культуры”);

выстава “Азбука бязбожнасці”, прымеркаваная да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і прысвечаная рэлігійнай палітыцы савецкай дзяржавы.

Канфесійная гісторыя Краіны Саветаў, у тым ліку Савецкай Беларусі, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. адлюстроўвала ўсе супярэчнасці і праблемы, якія былі характэрныя для савецкага грамадства ў цэлым. З усталяваннем дыктатуры пралетарыяту пачалася доўгая гісторыя канфрантацыі дзяржавы і Царквы. На выставе прадстаўлены кнігі, перыядычны друк, дакументы, плакаты і іншыя друкаваныя выданні 1920– 1980-х гг., якія адлюстроўваюць антырэлігійную палітыку савецкай дзяржавы.

  • Лістапад:

выстава аднаго экспаната У спадчыну – майстэрства. На выставе будуць прадстаўлены два абразы апошняй чвэрці XIX стагоддзя: “Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы” і “Казанская ікона Божай Маці”, – напісаныя ў майстэрні горада Сергіеў Пасад. Аўтарамі абразоў з’яўляюцца Іван Мацвеевіч і Канстанцін Іванавіч Малышавы – прадстаўнікі вядомай у XIX стагоддзі дынастыі рускіх іканапісцаў.

  • Снежань:

выстава Падарожжа ў свята Раства Хрыстова. Выстава традыцыйная, але будзе адрознівацца навізной. У 2017 годзе плануецца супрацоўніцтва з гродзенскімі праваслаўнай і каталіцкай епархіямі. Акцэнт будзе зроблены на сямейныя традыцыі святкавання. Будуць паказаны іконы, напісаныя ў заходняй і ўсходняй традыцыях, кнігі, скульптура;

мерапрыемства, прысвечанае святу Ханука, усталяванаму ў памяць пра ачышчэнне і асвячэнне Іерусалімскага храма (у рамках праграмы “Дні яўрэйскай культуры”);

калядныя ранішнікі (сумесна з Хатнім тэатрам “Мар’я-Умеліца”). Дзеці і дарослыя стануць удзельнікамі тэатральна-забаўляльнай праграмы Хатняга тэатра “Мар’я-Умеліца”. Яны адправяцца ў займальную гульню-квэст, пазнаёмяцца з каляднай выставай музея. Абавязковым будзе і традыцыйны карагод каля ёлкі.

* У ПЛАНЕ МАГЧЫМЫ ЗМЯНЕННІ. ДАДАТКОВАЯ ІНФАРМАЦЫЯ ПА ВЫСТАВАХ, МЕРАПРЫЕМСТВАХ – ПА ТЭЛЕФОНЕ 74-02-72 І НА САЙЦЕ МУЗЕЯ.