Новыя паступленні

Камплектаванне фондаў з’яўляецца адным з асноўных накірункаў дзейнасці музея. Задача яго – выяўленне і збор прадметаў, якія адпавядаюць профілю і дзейнасці музея, з мэтай пераўтварэння іх у музейныя прадметы для папаўнення музейных калекцый. УК “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” праводзіць камплектаванне фондаў у двух накірунках:

1. Тэматычнае камплектаванне.
Фонды музея камплектуюцца ў адпаведнасці з экспазіцыйна-выставачнай работай. Для раскрыцця вызначаных тэм збор прадметаў, якія групуюцца адпаведна гэтых тэм, здзяйсняецца незалежна ад іх тыпалагічных прыкмет.
2. Тыпалагічнае камплектаванне.
Тыпалагічнае (сістэматычнае) камплектаванне фондаў накіравана на папаўненне існуючых у фондах музейных калекцый і, з улікам перспектыў працы музея, на стварэнне новых калекцый. Збор прадметаў вядзецца адпаведна агульным тыпалагічным прыкметам, якія іх аб’ядноўваюць.

Для тэматычнага і тыпалагічнага камплектавання фондаў музея з’яўляецца актуальным дакументаванне эпохі. Для рэалізацыі гэтага фонды камплектуюцца прадметамі, якія адлюстроўваюць дзейнасць рэлігійных арганізацый у сучасным свеце.
Для поўнага адлюстравання сутнасці і гісторыі развіцця рэлігійных вераванняў і канфесій у Беларусі фонд музея павінен утрымліваць прадметы, якія самым непасрэдным чынам ці ў сукупнасці з’яўляюцца носьбітамі інфармацыі аб працэсах і з’явах рэлігійнага жыцця на Беларусі ў мінулым і ў сучасным грамадстве.

Размяшчэнне музея ў былым палацы ХVІІІ ст., які належаў Каралю Храптовічу (у далейшым змяніў некалькі ўладальнікаў – А.Тызенгаўз, Ф.Мучынскі, І.Ляхніцкі), мае на ўвазе існаванне яшчэ аднога накірунку ў камплектаванні. Дадзены будынак з’яўляецца адзіным з ацалелых шляхецкіх палацаў у горадзе (у ХVІІІ ст. іх існавала 47). Праца часткі экспазіцыі “Эпоха. Час. Будынак” патрабуе наяўнасці ў фондах музея прадметаў гарадскога побыту.