Музей – дзецям

Музейныя заняткі для дашкольнікаў
з цыклу “Падарожжа ў мінулае Белай Русі”

Музейныя заняткі з цыклу “Падарожжа ў мінулае Белай Русі” прапануюцца для выхаванцаў дзіцячых садкоў.

1. “З гісторыі кнігі”
На музейным занятку дзеці пазнаёмяцца з гісторыяй з’яўлення першых тэкстаў на папірусе, пергамене, гліняных таблічках, васкоўках, даведаюцца, як ствараліся кнігі ў сярэднявеччы, як было вынайдзена кнігадрукаванне. На занятку расказваецца і аб нашых славутых земляках – Ефрасінні Полацкай і Францыску Скарыне.

2. “У свеце працы і красы”
На занятку дзеці знаёмяцца з традыцыйнымі вырабамі беларускіх майстроў – прыладамі працы, хатнім начыннем, посудам, вопраткай, цацкамі, бытавым абсталяваннем. Выкананыя з гліны, дрэва, саломы, льну, воўны, паперы, прадметы маюць не толькі ўтылітарнае (практычнае) прызначэнне, але і з’яўляюцца мастацкімі творамі. Сучасныя майстры працягваюць традыцыі нашых продкаў.

3. “Ад калыскі да нябёс”
Сямейная традыцыйная абраднасць беларусаў уключае ў сябе комплекс святаў, абрадавых дзеянняў, якія суправаджаюць чалавека на працягу жыцця, ажыццяўляюць сувязь пакаленняў, перадачу традыцый, светаўспрымання. Радзінная, вясельная, пахавальная абраднасць уяўляе сабой сінтэз двух магутных традыцый – народнай і царкоўнай. Прадметы на музейным занятку дапамагаюць адлюстраваць сутнасць абрадаў, якія фарміраваліся ў асяроддзі беларускай сям’і на працягу стагоддзяў.

4. “Гісторыя аб нараджэнні Хрыста”
На музейным занятку дзеці пазнаёмяцца з хрысціянскім святам – Раством Хрыстовым, даведаюцца аб біблейскім сюжэце і аб традыцыях святкавання. Свята Раства Хрыстова было спалучана са старажытным святам, прымеркаваным да дня зімовага сонцастаяння – Калядамі. На музейным занятку распавядаюць пра старадаўнія звычаі і абрады, можна даведацца, як з’явіліся на нашых землях святочная ёлка і казачны персанаж Дзед Мароз.

5. “Горад майстроў”
На занятку дзеці знаёмяцца з самабытным майстэрствам продкаў, працавітыя рукі якіх з дрэва і косці, каменя і воўны, металу і лёну, гліны і саломы стваралі разнастайныя, па-мастацку аздобленыя, жыццёва неабходныя прадметы – посуд, адзенне, прылады працы, рэчы хатняга ўжытку, цацкі і іншае. Вырабы майстроў даюць яскравае ўяўленне пра высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, таленавітасць беларускага народу.

6. “Хата з матчынай душой”
На гэтым занятку дзеці пазнаёмяцца з асаблівасцямі хатняга быту, ва ўладкаванні якога значная роля належала гаспадыні-маці, даведаюцца аб размеркаванні хатняй прасторы і размяшчэнні ў ёй прадметаў побыту, ролі маці ў зберажэнні культурных традыцый кожнай сям’і і выхаваўчых працэсах.

7. “Пасха. Вялікдзень на Беларусі”
Пасха – важнейшае свята царкоўнага календара, падчас якога вернікі ўспамінаюць аб жыцці, смерці і ўваскрэсенні Ісуса Хрыста. Аб гэтых падзеях мы даведваемся з Евангелля, а ілюструюць іх прадметы з выстаўкі: Біблія і абразы, гравюры і паштоўкі і многае іншае. З дахрысціянскіх часоў дайшла да нас назва Вялікдзень. Некаторыя абрады ладзяцца і зараз, аднак набылі ўжо зусім іншую трактоўку і ўспрыманне. Аб зменах дзеці даведаюцца на занятку.

8. “У краіне лета”
На лета прыпадаюць такія хрысціянскія святы (Тройца, нараджэнне Іаана Хрысціцеля, Св. Пятра і Паўла, Св. Іллі), у святкаванні якіх можна знайсці водгук народных традыцый. Яскравы прыклад таму – Купалле. Прадметы на музейным занятку дапамагаюць раскрыць змест і сутнасць летніх святаў і абрадаў, якія ўяўляюць сабой сінтэз дзвюх культур – народнай і хрысціянскай.

Музейныя заняткі з інтэрактыўным блокам
“Апавяданні старога куфра”

Музейныя заняткі з інтэрактыўным блокам разлічаны на выхаванцаў дзіцячых садкоў.

1. Раство Хрыстова (калядная выцінанка)
Музейны занятак падзелены на дзве часткі. Тэарэтычная частка знаёміць з гісторыяй свята, з традыцыямі ўпрыгожвання сялянскай хаты выцінанкай. Практычная частка дае магчымасць дзецям адчуць сувязь з народным майстэрствам (выразаюць анёлаў і робяць віншавальныя паштоўкі).

2. Свята восені – Багач (беларуская саломка)
Музейны занятак падзелены на дзве часткі. Тэарэтычная частка знаёміць з гісторыяй свята, традыцыямі святкавання. Асобны акцэнт робіцца на традыцыйны матэрыял у жыцці беларусаў (салома, лён). Практычная частка дае магчымасць дзецям адчуць сувязь з народным майстэрствам (на льняной сурвэтцы робяць інкрустацыю саломкай).

3. Пасха – Свята святаў
Тэарэтычная частка занятка знаёміць з гісторыяй свята, народнымі традыцыямі святкавання, тлумачацца сімвалы свята. Практычная частка дае магчымасць дзецям адчуць сувязь з народнымі традыцыямі святкавання Пасхі, а таксама папрактыкавацца ў пасхальных гульнях (народныя гульні з яйкамі – “біткі”, катанне яек па жолабе), дзеці атрымліваюць заданне для работы ў групе – выраб пасхальнага падарунка (яйка з паперы і стужкі).

4. Залатая шарсцінка
Музейны занятак падзелены на дзве часткі. Тэарэтычная частка знаёміць з традыцыямі вырабу беларускага адзення. Асобны акцэнт робіцца на рытуальнае прызначэнне паясоў. Практычная частка дае магчымасць дзецям адчуць сувязь з народным мастацтвам пляцення паясоў.