Музей дарослым

Выстаўкі па-за музеем:
1. Дзіўны Бог у святых Сваіх
Гісторыя Царквы – гэта гісторыя яе святасці. Згодна царкоўнай традыцыі, існуюць людзі духоўна больш вопытныя, якія вышэй за ўсіх падняліся на шляху да дасканаласці і таму здольныя дапамагаць менш дасканалым у іх узыходжанні да Бога. Іх называюць святымі людзьмі, святымі ўгоднікамі Божымі, святымі заступнікамі і апекунамі.
На выстаўцы прадстаўлены абразы святых Праваслаўнай Царквы, на якіх яны выяўляюцца згодна з тымі подзвігамі, якія здзейснілі ў сваім жыцці, а таксама кнігі з жыціямі хрысціянскіх падзвіжнікаў, царкоўнымі службамі і песнапеннямі ў іх гонар.

2. Вяртанне традыцыі: Дзень Анёла (Імяніны)
Згодна вучэнню Царквы, кожны хрысціянін мае не толькі свайго анёла-ахоўніка, але і святога апекуна, у гонар якога атрымлівае імя.
З ранняга дзяцінства хрысціяне павінны паважаць сваё імя, ведаць жыціе свайго нябеснага заступніка і наследаваць яму. Святкаванне Імянін, віншаванні і падарункі да гэтага свята – культурныя традыцыі, якія фарміраваліся на працягу доўгага часу і спрыялі ўмацаванню сям’і. Аб гэтых традыцыях, з выкарыстаннем прадметаў з фондавых калекцый музея, і распавядаецца на музейным занятку.

3. Сямейная традыцыйная абраднасць
Сямейная традыцыйная абраднасць беларусаў уключае ў сябе комплекс святаў, абрадавых дзеянняў, якія суправаджаюць чалавека на працягу жыцця, ажыццяўляюць сувязь пакаленняў, перадачу традыцый, светаўспрымання. Радзінная, вясельная, пахавальная абраднасць уяўляе сабой сінтэз двух магутных традыцый – народнай і хрысціянскай. Прадметы на выстаўцы дапамагаюць адлюстраваць сутнасць абрадаў, якія фарміраваліся ў асяроддзі беларускай сям’і на працягу стагоддзяў.

4. У сялянскай хаце
На гэтай выстаўцы наведвальнікі пазнаёмяцца з асаблівасцямі хатняга быту, ва ўладкаванні якога значная роля належала гаспадыні-маці, даведаюцца аб размеркаванні хатняй прасторы і размяшчэнні ў ёй прадметаў побыту, ролі маці ў зберажэнні культурных традыцый кожнай сям’і і выхаваўчых працэсах.

5. Як да нас прыйшла кніга
Выстава прысвечана гісторыі з’яўлення першых тэкстаў на папірусе, пергамене, гліняных таблічках, васкоўках, расказвае, як ствараліся кнігі ў сярэднявеччы, як было вынайдзена кнігадрукаванне. На занятку расказваецца і аб нашых славутых земляках – Еўфрасінні Полацкай і Францыску Скарыну.

6. Па ціхіх вулачках Гародні
Выстаўка “Па ціхіх вулачках Гародні…” прадстаўляе ўнікальную магчымасць здзейсніць незвычайную экскурсію ў часе і прасторы па вулачках старажытнай Гародні. Замкавая, Падольная, Маставая, Нёманская, Рыбацкая, Цагляная, Гарбарская, Езерская, Віленская, Дамініканская… – у назвах гэтых вуліц жыве гісторыя, яны распавядаюць аб знешнегарадскіх кантактах, асаблівасцях гарадскога ландшафту і архітэктуры, нацыянальна-культурных адносінах, занятках жыхароў, захоўваюць рысы больш ці менш даўняга мінулага і памяць аб нашых земляках і падзеях, што адбываліся тут.
Убачыць усё гэта на свае вочы дапамагаюць наведвальнікам выстаўкі старыя паштоўкі з відамі горада, карціны гродзенскіх мастакоў, асабістыя рэчы і касцюмы гараджан, манеты і банкноты, даўнія вулічныя нумарныя знакі і ліхтары, фрагменты старажытных будаўнічых матэрыялаў.

Лекцыі:

1. Біблія – кніга кніг
Лекцыя прысвечана Бібліі. Слухачы знаёмяцца са структурай кнігі, гісторыяй фарміравання асобных яе частак, асноўнымі рукапісамі, перакладамі. Паказваецца ўплыў Свяшчэннага Пісання на культуру Беларусі.

2. Святыя карані
Лекцыя прысвечана культу продкаў як важнай частцы беларускай традыцыйнай культуры. Слухачы знаёмяцца са структурай і семантыкай пахавальнага абраду, значэннем культу памерлых у аграрнай і сямейнай абраднасці беларусаў.

3. Старажытны Гродна
Лекцыя прысвечана старажытнаму перыяду гісторыі Гродна ХІІ–ХVІ стст. Дае ўяўленне аб развіцці гістарычнай забудовы горада, знаёміць з выдатнымі помнікамі архітэктуры, славутымі дзяржаўнымі дзеячамі і палкаводцамі, якія аказалі значны ўплыў на развіццё культуры Бацькаўшчыны.

4. Звонкае рэха стагоддзяў
У лекцыі ідзе гаворка аб званах як феномене матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва. З’явіўшыся ў глыбокай старажытнасці, званы змяняліся разам з развіццём грамадства. У простай, даступнай форме з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу і прадметаў з фондаў музея лекцыя паказвае званы ў кантэксце культурнай спадчыны народа.

5. Вобраз крыжа і распяцця ў мастацтве
Галоўны акцэнт тэмы лекцыі зроблены на вобразе крыжа як сімвале хрысціянскай царквы і хрысціянскай веры. Прасочваецца ўплыў хрысціянскай ідэі крыжа і распяцця на адлюстраванне крыжа і распяцця ў помніках сакральнага мастацтва розных хрысціянскіх традыцый – усходняй і заходняй.

6. Сімволіка хрысціянскага храма
Лекцыя знаёміць з арганізацыяй і сімвалічным значэннем асноўных структурных частак храма, канцэнтруе ўвагу на сутнасным адрозненні хрысціянскай святыні ад язычніцкага свяцілішча.

7. Каталіцкія касцёлы і кляштары Гродна (канец ХІV–ХІХ стст.)
Лекцыя прысвечана гісторыі і архітэктуры каталіцкіх святынь Гродна. Разглядаюцца ўсе вядомыя каталіцкія святыні – як тыя, што не захаваліся, так і тыя, што дайшлі да нашага часу. Закранаецца тэма сакральнага мастацтва і архітэктурных стыляў. Асвятляецца ўклад каталіцкай супольнасці ў развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры Гродна і беларускіх зямель.

8. Дэструктыўныя культы: гісторыя, уплыў на моладзь.
Лекцыя прысвечана гісторыі, прычынам узнікнення і распаўсюджвання дэструктыўных культаў, асвятляецца іх разбуральны ўплыў на чалавека.

9. Нам засталася спадчына. Беларускі народны касцюм
Лекцыя знаёміць з яркім здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі – народным касцюмам, раскрывае сімволіку асобных яго частак, прасочвае ролю і значэнне народнага касцюма ў сямейнай абраднасці, паказвае рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага беларускага адзення.

10. Повязь часоў. Беларускі ручнік
Лекцыя знаёміць са спосабамі вырабу, аздаблення, сімволікай арнаменту, абрадавага выкарыстання, рэгіянальных асаблівасцяў беларускага ручніка.

11. Беларускія міфы і паданіі пра старажытных багоў
Лекцыя знаёміць слухачоў з багаццем беларускай міфалагічнай спадчыны, з легендамі і паданнямі, што распавядаюць пра старажытных язычніцкіх багоў і духаў.
Гліняная цацка, драўляная скульптура, малюнкі і інш. прадметы з фондавых калекцый музея дапамагаюць данесці да слухачоў каларытныя вобразы Белабога, Дажбога, Ярылы, Перуна, Зюзі, Мараны, Дамавіка, Русалкі, Лесуна ды іншых герояў язычніцкай міфалогіі.

12. Старажытныя промыслы і рамёствы беларусаў
Лекцыя знаёміць слухачоў з рамесніцкай культурай беларускіх зямель, распавядае аб сярэднявечных цэхах рамеснікаў, саматужных промыслах і хатніх рамёствах. Расказ аб старажытных рамесніцкіх прафесіях цесляра, сталяра, ладзейніка, агародніка, стэльмаха, бондара, ганчара, цанінніка, касцярэза, медніка, каваля, злотніка і інш. суправаджаецца дэманстрацыяй вырабаў народных майстроў з разнастайных прыродных матэрыялаў: дрэва, лазы, гліны, косці, метала.

13. Першавера продкаў (дахрысціянскія вераванні і культура старажытнага насельніцтва Беларусі)
У лекцыі закранаюцца галоўныя пытанні паходжання рэлігіі: час і прычыны ўзнікнення, раннія формы і элементы вераванняў. Даецца вызначэнне тэрміна “язычніцтва”, якое разглядаецца як надзвычай шматслойная і разгалінаваная рэлігія, што ўключае ў сябе ўяўленні і напластаванні розных гістарычных эпох, пачынаючы ад культу Вялікай Маці-Багіні, культаў продкаў і жывёл, да складанага і разгорнутага пантэону багоў перыяду разлажэння першабытнаабшчыннага ладу. Разглядаюцца адметныя рысы “беларускага язычніцтва” і яго перажыткі ў свядомасці і традыцыйнай культуры беларусаў.

14. Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе і жыційнай літаратуры
Пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі лекцыя знаёміць з асноўнымі асаблівасцямі іканаграфіі святых, а таксама з жыційнай літаратурай, прысвечанай найбольш вядомым хрысціянскім падзвіжнікам.
Людзей, якія дагадзілі Богу сваім жыццём, у хрысціянскай Царкве называюць святымі людзьмі, святымі ўгоднікамі Божымі, святымі заступнікамі і апекунамі. На абразах яны выяўляюцца згодна з тымі подзвігамі, якія здзейснілі ў сваім жыцці. Выява кожнага святога падзвіжніка мае свае асаблівасці ў адзенні, каларыстыцы, атрыбутах. Подзвігі святых заступнікаў адлюстраваны і ў надпісах-іменаваннях: праайцы, прарокі, апосталы, мучанікі, свяціцелі, прападобныя, праведныя, бяссрэбранікі, дзеля Хрыста юродзівыя (ці блажэнныя) і інш.

15. Хрысціянскія святыні Беларусі
“Святасць”, “святыя людзі”, “святыя мошчы”, “святыні”, “святыя месцы”, “паломнікі” – словы, якія выкарыстоўваюцца сёння не толькі ў царкоўным асяроддзі. Турыстычныя агенцтвы актыўна прапануюць маршруты “Па святых месцах”, прыцягваючы ўвагу да іх расказамі аб цудах, якія здзяйсняюцца перад святымі абразамі, аб вылячэннях у святых крыніцах. Аднак далёка не ўсе, хто падарожнічае з мэтай наведвання такіх месцаў, разумеюць сапраўдны сэнс і прызначэнне хрысціянскіх святыняў.
Пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі лекцыя знаёміць з найбольш шанаванымі рэліквіямі Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў на беларускіх землях, адлюстроўвае ролю хрысціянства ў фарміраванні культуры і мастацтва Беларусі.

16. Жыццё захаваўшыя (подзвіг святароў у гады Вялікай Айчынай вайны)
Лекцыя прысвечана подзвігу праваслаўнага і каталіцкага духавенства ў перыяд нямецкай акупацыі на тэрыторыі БССР (1941–1944). Тэма раскрываецца пры дапамозе прадметаў (памятныя медалі, пісьмы і паштоўкі ваенных гадоў з фондаў музея, фатаграфіі, дакументы і інш.), якія дапамагаюць адчуць незломны дух, самаахвярнасць людзей, якія коштам свайго жыцця заплацілі за Перамогу 1945 года.

Музейны занятак “Дзень Анёла (Імяніны)”
Згодна вучэнню Царквы, кожны хрысціянін мае не толькі свайго анёла-ахоўніка, але і святога апекуна, у гонар якога атрымлівае імя.
З ранняга дзяцінства хрысціяне павінны паважаць сваё імя, ведаць жыціе свайго нябеснага заступніка і наследаваць яму. Святкаванне Імянін, віншаванні і падарункі на гэтае свята – культурныя традыцыі, якія фарміраваліся на працягу доўгага часу і спрыялі ўмацаванню сям’і. Аб гэтых традыцыях, з выкарыстаннем прадметаў з фондавых калекцый музея і распавядаецца на музейным занятку.

Музейны практыкум “Майстроў беларускіх дзівосы”
Падчас удзелу ў музейным практыкуме “Майстроў беларускіх дзівосы” дарослыя і дзеці даведаюцца аб традыцыях вырабу, рытуальным прызначэнні паясоў. Кожны ўдзельнік атрымае магчымасць зрабіць свой пояс, які застанецца на памяць аб удзеле ў занятку.
Пешаходная экскурсія “Музыка, якая застыла ў камяні”
Падчас экскурсіі можна пазнаёміцца з гістарычнымі мясцінамі г. Гродна, сярод якіх каралеўскія замкі (ХVІ – ХVІІІ ст.), Свята-Барысаглебская царква ХІІ ст., кафедральны касцёл Св. Ксаверыя ХVІІ – ХVІІІ ст., кафедральны Свята-Пакроўскі сабор пач. ХХ ст, ансамблі былых бернардынскага і брыгіцкага кляштараў ХVІ – ХVІІІ ст., лютэранская кірха пач. ХХ ст.

Тэматычныя экскурсіі:
1. Гродна – горад палацаў. Быт і культура гараджан у канцы ХVІІІ – пачатку ХХ ст.
На экскурсіі наведвальнікі пазнаёмяцца з гісторыяй палаца ў кантэксце гарадской культуры ХVІІІ – пачатку ХХ ст.

2. Архаічныя вераванні і культура старажытных насельнікаў Беларусі
На матэрыяле археалагічных калекцый і індывідуальных знаходак (прылады працы, рэчы асабістага ўжытку і элементы касцюма, творы першабытнага мастацтва і рытуальныя прадметы), выяўленых падчас раскопак старажытных стаянак, паселішчаў, свяцілішчаў, грунтовых і курганных пахаванняў, экскурсія знаёміць наведвальнікаў з эканамічнай і сацыяльнай структурай архаічнага грамадства, вызначальнымі рысамі яго культуры (сінкрэтызм, антрапамарфізм, традыцыяналізм), ладу жыцця, ствараючы акцэнт на рэлігійных уяўленнях, вераваннях і абрадах старажытных насельнікаў Беларусі.

3. Хрысціянізацыя беларускіх зямель (Х–ХІV стст.)
Экскурсія падкрэслівае вялікае цывілізацыйнае значэнне распаўсюджання хрысціянства на беларускіх землях. Яна засяроджвае ўвагу на культуратворчым уплыве хрысціянскай рэлігіі ў галіне мураванага дойлідства, пісьменнасці, адукацыі, асветніцтва, кніжнай культуры, музыкі і выяўленчага мастацтва. Закранае знакавыя для беларускай нацыянальнай свядомасці постаці і помнікі, сярод якіх Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, старажытныя храмы Беларусі, Тураўскае і Аршанскае Евангеллі, крыж Еўфрасінні Полацкай.

4. Праваслаўная Царква і культура ў Беларусі (Х – пачатак ХХІ ст.)
Праваслаўная Царква займае асобае месца сярод рэлігійных канфесій Беларусі. Хрысціянства на нашай зямлі з’явілася і распаўсюдзілася менавіта ў форме ўсходняга, візантыйскага абраду. На працягу стагоддзяў прваслаўе адыгрывала выключна важную ролю ў развіцці беларускай культурнай традыцыі, пазітыўна ўплываючы на розныя сферы матэрыяльнай і духоўнай культуры – народную асвету, мараль, мастацтва, філасофскую і грамадскую думку. Праваслаўе з’яўляецца адным з важных складнікаў таго духоўнага стрыжня, на якім базуецца нацыянальная традыцыя беларусаў.

5. Каталіцкая Царква і культура ў Беларусі (ХІІІ – пачатак ХХІ ст.)
Экскурсія прысвечана ўплыву Каталіцкай Царквы на фарміраванне культуры беларускіх зямель.
У тэматыка-храналагічнай паслядоўнасці яна адлюстроўвае ўплывы каталіцкай культурнай традыцыі ў галіне грамадскай думкі, адукацыі, літаратуры і кнігадрукавання, музыкі, культавай архітэктуры, выяўленчага мастацтва, пластыкі, сакральнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асобны раздзел прысвечаны адраджэнню Каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь і актыўнаму ўдзелу каталіцкага духавенства ў розных сферах грамадска-культурнага жыцця: у фестывалях, канферэнцыях, экуменістычных мерапрыемствах, дабрачыннасці.

6. Увядзенне хрысціянства па ўсходнім абрадзе на беларускіх землях (Х – І-я палова ХІІІ ст.)
Экскурсія расказвае аб жыцці Іісуса Хрыста, асновах яго вучэння, дзейнасці апосталаў. Гісторыя заснавання першых хрысціянскіх абшчын была запісана ў І ст. у кнігах Новага Запавету, якія разам з тэкстамі Старога Запавету складаюць хрысціянскі біблейскі канон. Асноўныя вехі жыцця і вучэння Іісуса Хрыста найбольш падрабязна адлюстраваны ў творах праваслаўнага іканапісу – “Евангелля ў фарбах”.
Падкрэсліваецца вялікае цывілізацыйнае значэнне распаўсюджання хрысціянства на беларускіх землях. Экскурсія засяроджвае ўвагу на культуратворчым уплыве хрысціянскай рэлігіі ў галіне мураванага дойлідства, пісьменнасці, адукацыі, асветніцтва, кніжнай культуры, музыкі і выяўленчага мастацтва.

7. Рэлігійнае жыццё і культурныя традыцыі на беларускіх землях
Асаблівую цікавасць выклікае ў замежных турыстаў, дае ўяўленне аб своеасаблівасці беларускай культурнай традыцыі і мастацтва, якія сфарміраваліся пад уплывам як усходнехрысціянскіх, так і заходнехрысціянскіх цывілізацыйных плыняў.
Экскурсія прысвечана ўплыву рэлігіі на фарміраванне культуры беларускіх зямель. Культуратворчы феномен рэлігіі разглядаецца ў сувязі з развіццём архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, кніжнай культуры, адукацыі і асветніцтва.

8. Рэфармацыя. Пратэстанцкія цэрквы і культура на беларускіх землях
Экскурсія знаёміць з уплывам Рэфармацыі на духоўныя працэсы ў Беларусі, развіццё кнігадрукавання, адукацыі, свецкага мастацтва, мецэнацтва, архітэктуры. Характарызуе асноўныя напрамкі пратэстантызму.

9. Францыск Скарына – дзеяч эпохі Адраджэння
Эпоха Адраджэння характарызуецца ўздымам духоўнай культуры, развіццём навукі, мастацтва, станаўленнем нацыянальных моў. У гэты час жыў і працаваў выдатны дзеяч эпохі Адраджэння Францыск Скарына, пра якога і ідзе гаворка падчас экскурсіі.

10. Уніяцкая Царква і культура на Беларусі (ХVІІ – сярэдзіна ХІХ ст.)
Экскурсія знаёміць з гісторыяй узнікнення і дзейнасці Уніяцкай Царквы. Паказваецца роля ўніяцтва ў фарміраванні сінкрэтычнай мадэлі беларускай культуры ХVІІ–ХVІІІ стст.

11. Дзяржава, царква і культура ў Беларусі ў 1917–1991 гг. і Рэспубліцы Беларусь
Экскурсія знаёміць з асноўнымі этапамі рэлігійна-царкоўнай палітыкі савецкай улады, накіраванай на ўкараненне атэістычнай ідэалогіі і практыкі. Характарызуе сучаснае становішча традыцыйных для Беларусі рэлігій, унёсшых значны ўклад у развіццё беларускай культуры і дзяржаўнасці.