Экспазіцыі

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі запрашае наведаць  экспазіцыю “Рэлігія і культура ў Беларусі”. У трынаццаці залах прадстаўлены комплексы прадметаў, якія адлюстроўваюць культуратворчую ролю архаічных вераванняў, хрысціянскіх канфесій, ісламу і іудаізму. Пабудаваная па тэматыка-храналагічным прынцыпе экспазіцыя асвятляе гісторыю культуры і рэлігіі ў Беларусі як грамадскую з’яву і неад’емную частку агульначалавечай культуры.

Увазе наведвальнікаў прапануюцца раздзелы “Культура і архаічныя вераванні старажытных насельнікаў беларускіх зямель”, “Жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста”, “Культура і хрысціянства на беларускіх землях у X – ХХІ ст.”, “Іслам і татарская культура ў Беларусі”, “Іудаізм і яўрэйская культура ў Беларусі”.

Сярод экспанатаў багатая калекцыя археалагічных матэрыялаў, дробная пластыка ХІІ – ХХ ст., помнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХІІІ – XХ ст., творы выяўленчага мастацтва (абразы, партрэтны жывапіс, гістарычная карціна) XVI – XХ ст., а таксама гравюры, старадрукаваныя кнігі, музычныя інструменты.

У музеі дзейнічае стацыянарная выстаўка “Эпоха. Час. Будынак”, якая раскрывае гісторыю палаца, у якім размяшчаецца музей, і ўводзіць у свет палацавай культуры і сямейных традыцый ХІХ – пачатку ХХ ст., у фарміраванні якіх рэлігія адыграла асноўную ролю.