Ніжняя царква

У XII ст. у Гродне склалася самабытная лакальная архітэктурная школа. Вядомыя помнікі гэтай школы – Ніжняя, Прачысценская, Барысаглебская цэрквы ў Гродне, недабудаваны храм у Ваўкавыску, княжацкі церам і сцяна на мысе дзяцінца на Замкавай гары. Гродзенская архітэктурная школа вылучалася сукупнасцю своеасаблівых архітэктурна-мастацкіх і будаўнічых прыёмаў: роўнаслаёвая кладка плінфы з выкарыстаннем уставак з камянёў і каляровых маёлікавых плітак; падлога з маёлікавых плітак; вялікая колькасць умураваных у сцены галаснікоў; уладкаванне лесвіц у сценах; наяўнасць цаглянага цокаля.

Ніжняя царква ў Гродне – помнік дойлідства XII ст., узор гродзенскай архітэктурнай школы. Стаяў на тэрыторыі Старога замка, на былым дзядзінцы. Уяўляў сабой прамавугольны ў плане шасцістоўпны трохнефавы храм са зрэзанымі вугламі. Захаваліся руіны сцен, ніжнія часткі апор, шматлікія фрагменты канструкцый і начыння, падлогі з керамічных плітак. Рэшткі заходняй і паўднёвай сцен вышынёй ад 2 да 3,5 м былі выяўлены падчас земляных работ 1932–1933 гг. пад кіраўніцтвам Ю. Ядкоўскага. У 1937–1939 гг. даследаванні праводзіў З. Дурчэўскі, які лічыў, што царква загінула падчас пажару 1183 г. і потым не аднаўлялася, а на мяжы XIII–XIV стст. на яе месцы была пабудавана Верхняя царква. У 1949 г. раскопкі храма прадоўжыў археолаг М.М. Варонін. Падчас іх былі адкапаны паўночна-заходні слуп, які меў зрэзаныя вуглы. Унутраныя паверхні сцен мелі шматлікія адтуліны, якія ўтвараліся гарлавінамі галаснікоў. У паўднёва-заходнім куце будынка размяшчаліся цагляныя вітыя ўсходы, якія вялі на хоры. Сцены царквы былі складзены з плінфы, некаторыя цагліны маюць на тарцах знакі. Падлога прадстаўляла сабой мазаічны маёлікавы набор з паліваных плітак зялёнага, жоўтага і карычневага колераў. Дэкор фасадаў стваралі абчасаныя гранітныя глыбы, каменная паліхромная інкрустацыя, маёлікавыя ўстаўкі ў форме крыжа карычневага і зялёнага колераў, круглых разетак. Царква не мела фрэскавага роспісу. М.М. Варонін лічыў, што храм пабудаваны ў 2-й чвэрці – сярэдзіне XII ст. Гісторык П.А. Рапапорт датуе храм 2-й паловай XII ст.

Scroll to Top