Ноч у музеі 2019

Крыніца: grodno.in

18 мая ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі прайшла акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў. У гэтым годзе асноўнай тэмай мерапрыемства стала «Музыка на ўсе часы і густы», таму музей у літаральным сэнсе загучаў.

У сувязі з непрадказальнымі ўмовамі надвор’я ўрачыстая частка адкрыцця мерапрыемства пачалася ў тэатры лялек, дзе артысты прадставілігледачам гламур-оперу «Чырвоная шапачка». У пачатку прадстаўлення з уступнымі словамі выступіў Дзмітрый Лучына, рэжысёр аркестра Nota Band, які падкрэсліў важнасць музыкі для кожнага чалавека: «Кажуць, што добрая мелодыя можа растапіць сэрца нават самага жорсткага чалавека. Без музыкі, як і без кахання, жыць нельга».

Пасля тэатральнага прадстаўлення госці перамясціліся ў музей гісторыі рэлігіі, дзе працавала шэсць інтэрактыўных пляцовак. Ва ўтульным дворыку размяшчалася пляцоўка «Ilya`s Dance», Ілья Кейзер разам са сваімі выхаванцамі з танцавальнай школы «АDEPT» навучыў гасцей свята элементам сучасных танцаў. У канцэртнай зале – пляцоўка «Cinemarington», наведвальнікі змаглі ўспомніць вядомыя саўндтрэкі з добра ўсім знаёмых кінастужак. У Вялікай выставачнай зале на пляцоўцы «Падарожжа ў мажоры» адбылося адкрыццё выставы «Музыка на ўсе часы і густы», на якой дзеці з гродзенскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза змаглі музычна дапоўніць невялікую экскурсію для наведвальнікаў. На пляцоўцы «Гукі на кончыку пэндзля» ў Малой выставачнай зале вобразы карцін вядомага гродзенскага мастака Аляксандра Рымарчыка літаральна ажывалі дзякуючы ансамблю Скрыпунэлы, Мікіту Стасюкевічу, дуэту «ГриМаСки», Максіму Шубічу, Паліне Астроўскай і іншым музыкантам. Не менш цікавай была пляцоўка «Калекцыя гукаў», бо там былі прадстаўлены незвычайныя музычныя інструменты са збору Ігара Адасіка, які, вядома, дазволіў гасцям іх выпрабаваць. На пляцоўцы «ИмпровиZZация» гледачам было прапанавана паспрабаваць сябе ў ролі музыкантаў і спантанна згуляць партыю на барабане, гітары, ксілафоне і трохвугольніку.

Завяршылася святкаванне праграмай «Саксафон ў ночы» ў выкананні Аляксандра Краўчука і Ігара Гіро, а фінальную кропку ў мерапрыемстве паставіла Вераніка Паплаўская, якая ўразіла гледачоў пясочнай анімацыяй.

Scroll to Top