Вяртанне да бацькоўскага парога

З 12 чэрвеня 2019 года ў Малой выставачнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі пачала працаваць часовая экспазіцыя “Вяртанне да бацькоўскага парога”.

З вобразам бацькоўскага дома звязаны самыя цёплыя пачуцці, незабыўныя светлыя ўспаміны. Там праходзіць фарміраванне асобы, яе духоўнае станаўленне. Кожны з нас у гадзіны выпрабаванняў ці проста стаміўшыся пад цяжарам штодзённых турбот, імкнецца атрымаць падтрымку ад цудадзейнай крыніцы – бацькоўскай хаты.

У беларусаў менавіта сям’я была правадніком усіх назапашаных родам ведаў і традыцый – у ёй дзеці ўспрымалі пануючыя ў грамадстве нормы паводзін і адносін, стэрэатыпы светаўспрымання і арганізацыі побыту, базавыя формы культуры, самасвядомасці, мовы, далучаліся да свету прыгажосці. Дзіця суадносіла сябе з сусветам, засвойвала ўсяленскую прастору і сваё месца ў ёй.

У аснову канцэпцыі часовай экспазіцыі “Вяртанне да бацькоўскага парога” пакладзена спалучэнне гарызантальнай і вертыкальнай мадэлі мікракосму хаты. Гарызантальная лакалізавана ў межах хаты і ўключае галоўную дыяганаль “печ – покуць”. Вертыкальная – шлях ад зямлі да неба – падаецца праз асэнсаванне важнасці ролі хаты ў трох асноўных складаючых чалавечага жыцця: нараджэнні, стварэнні сям’і, адыходзе з зямлі.

Выстаўка разлічана на рознаўзроставую аудыторыю.

Scroll to Top