Што ў імені тваім?

З 24 кастрычніка ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі дзейнічае выстава “Што ў імені тваім?”.

Выстава прысвечана імю. Калісьці абрад надання імя быў адным з этапаў уключэння чалавека ў склад сям’і. Чалавек станавіўся чалавекам толькі ў той момант, калі атрымліваў індывідуальны сімвал сваёй прысутнасці ў гэтым свеце – імя. Праз яго нованароджаны далучаўся да свету людзей, да соцыуму, які браў на сябе адказнасць за яго. Лічылася, што калі дзіцяці даць імя вядомага чалавека, дабрадзейнага, паспяховага, гаспадарлівага і г.д., то да яго пяройдуць добрыя якасці гэтага чалавека.

Спачатку ў продкаў беларусаў выкарыстоўваўся народны імяслоў. Паступова такія народныя імёны, як Вярнігара, Вярнідуб, Жыўка, Здраўка, Пакацігарошак былі “пасунуты ўбок” старажытнаяўрэйскімі, старажытнарымскімі і старажытнагрэчаскімі імёнамі: Ілья, Андрэй, Мікалай, Пётр, Аляксандр, Марыя, Кацярына і іншымі.

Са з’яўленнем хрысціянства славяне даведаліся пра царкоўны каляндар і святцы. Таму абрад надання імя пачалі аб’ядноўваць з абрадам хрышчэння. Выкарыстоўвалі імёны святых, чыё ўшанаванне супадала з днём нараджэння дзіцяці.

На выставе прадстаўлены выявы хрысціянскіх святых, імёны якіх выбіралі бацькі для хрышчэння сваіх дзяцей, а сёння, паводле традыцыі, даюцца дзецям у розных сем’ях безадносна да веравызнання.

 

Scroll to Top