Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі запрашае ўсіх, хто цікавіцца царкоўным мастацтвам і гісторыяй Бажэственнай літургіі, у тым ліку прыхаджан гродзенскіх храмаў і вучняў Нядзельных школак, на выставу “Багаслоўе прыгажосці (літургія як сінтэз царкоўных мастацтваў)”, прымеркаваную да XIX Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест”.
Прыгажосць – адно з цэнтральных паняццяў не толькі філасофскай і эстэтычнай думкі, але і тэалогіі. У хрысціянстве Прыгажосць – адно з імёнаў Божых. “Што можа быць даражэй за вобраз нятленнай Прыгажосці?” – запытвае свяціцель Грыгорый Ніскі. “Прыгажосць з’яўляецца сутнасным атрыбутам Бога”, – сцвярджае свяціцель Грыгорый Багаслоў. Бог жа, дасканалы і цудоўны Сам па Сабе, з’яўляецца і крыніцай сапраўднай прыгажосці. Таму праваслаўная культавая архітэктура, царкоўная паэзія і музыка, іканапіс і іншыя віды царкоўных мастацтваў заўсёды імкнуліся быць на самым высокім узроўні. Вытанчанасць архітэктурных стыляў і прыёмаў, зладжанасць і прыгажосць богаслужэння, натхнёныя спевы царкоўнага хору, велічнасць аблачэнняў духавенства, ззянне богаслужэбных сасудаў – гэта лепшыя формы пропаведзі хрысціянскай Царквы. І як ні ў чым іншым уся палітра царкоўных мастацтваў з’яўляецца ў хрысціянскім богаслужэнні, галоўнае месца ў якім займае Бажэственная літургія.
На выставе экспануюцца прадметы з фондаў музея – іконы, богаслужэбнае начынне, кнігі, аблачэнні і адметныя знакі свяшчэнства, а таксама іншыя культавыя прадметы, якія прадстаўлены ў парадку адпраўлення літургіі і адлюстроўваюць прыгажосць гэтага галоўнага хрысціянскага богаслужэння.

Пазнанне, як сцвярджаў Арыстоцель, пачынаецца са здзіўлення. Так нярэдка і пазнанне Бога пачынаецца са здзіўлення прыгажосці Божага тварэння, а вянцом гэтага пазнання становіцца святасць, якая адкрывае ў чалавеку яго ўласныя тайнікі богападобной прыгажосці і паказвае прыгажосць іншых людзей. Здзівіцеся разам з намі!

Запрашаем!

[:pl