Дабраахвотнікі Гродзеншчыны: з 1890-х гг. да сучаснасці

28 ліпеня 2021 года ў музеі “З гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны” пачала сваю працу выстава “Дабраахвотнікі Гродзеншчыны: з 1890-х гг. да сучаснасці”.

На выставе наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй дабраахвотных пажарных дружын Гродзенскага рэгіёна.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі добраахвотніцтва з’явілася напрыканцы 1890-х гг. «Вольныя пажарныя грамадства» і добраахвотныя дружыны сталі новай формай грамадскай дапамогі дзяржаўнай пажарнай службе. Добраахвотнікі значна пашырылі магчымасці прафілактычнай работы. Грамадства наладзілі нагляд за пячным ацяпленнем і крыніцамі водазабеспячэння, арганізоўвалі грамадскія мерапрыемствы прапагандысцкай накіраванасці па папярэджанні пажараў: дабрачынныя вечары, канцэрты, чытанне лекцый. Добраахвотнікі служылі бясплатна – «затое мелі павагу ад усіх людзей». З кожным годам колькасць добраахвотных пажарных таварыстваў пастаянна павялічвалася. У хуткім часе яны з’явіліся не толькі гарадах, але і ў невялікіх мястэчках Гродзенскай губерні. У 1905 г. у губерні налічвалася 24 грамадства. У 1939 г. на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства была арганізавана работа 559 добраахвотных пажарных дружын. Падчас Першай сусветнай і Вялікай айчыннай вайны добраахвотнікі даказвалі адданасць сваёй справе, праяўлялі самаадданасць, абараняючы гарады і вёскі ад пажараў, ратуючы людзей. 29 снежня 1956 г. Радай Міністраў БССР была прынята пастанова № 791 “Аб арганізацыі Беларускага рэспубліканскага добраахвотнага пажарнага таварыства”. З гэтага моманту пачынае афармляцца арганізацыйная структура ДПА ў БССР. 25 ліпеня 1957 г. у Гродне праходзіць I-я абласная канферэнцыя ДПА. З 1956 г. па 1957 г. на прадпрыемствах горада сфармавалася 72 дружыны, дзе прайшлі падрыхтоўку  1486 чалавек. У 1968 г. пачынае працу абласны камбінат супрацьпажарных работ з вытворчымі ўчасткамі. З 1968 г. у 2013 годзе структура Гродзенскага добраахвотнага пажарнага таварыства некалькі разоў змянялася. У верасні 2013 г. прадпрыемства стала называцца вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Гродзенскі абласны камбінат супрацьпажарных работ» рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства».

Наведаць выставу можна кожны дзень з 10.00 да 18.00 (каса працуе да 17.30).

Scroll to Top