Археалогія

Музейная калекцыя “Археалогія” пачала фарміравацца ў 1975 г. (матэрыялы раскопак унутры Сафійскага сабора ў Полацку)

У склад калекцыі ўваходзяць матэрыялы археалагічных раскопак старажытных стаянак, паселішчаў, грунтовых і курганных могільнікаў, язычніцкіх свяцілішчаў, дзядзінцаў старажытных гарадоў, а таксама раскопак на тэрыторыі культавых помнікаў у розных гарадах і мястэчках Беларусі; фотафіксацыя і справаздачы аб правядзенні раскопак. Прылады працы, зброя, дэталі касцюма і ўпрыгожанні, фрагменты бытавога посуду (глякі, збанкі, рынкі, талеркі, кубкі) і архітэктурна-будаўнічай керамікі сведчаць аб высокім узроўні матэрыяльнай культуры Беларусі і дазваляюць прасачыць развіццё і выкарыстанне прадметаў народнага побыту ў абраднасці беларусаў да сённяшніх дзён. Падзяляецца на дзве падкалекцыі: “Знаходкі індывідуальныя”, “Знаходкі масавыя”. Найбольш каштоўнымі прадметамі ў музейнай калекцыі з’яўляюцца:

  • матэрыялы раскопак 1954–1955 гг. гарадзішча ў Ваўкавыску (пад кіраўніцтвам Г.І.Пеха) – крыжыкі, пацеркі, фрагменты абразкоў, праселкі, прывескі ХІ–ХІІІ стст.;
  • матэрыялы раскопак 1986 г. каменных могільнікаў Х–ХV стст. каля в.Вензаўшчына Шчучынскага р-на (пад кіраўніцтвам А.В.Квяткоўскай) – пахавальны інвентар (фібулы, спражкі, кольцы скроневыя, пярсцёнкі, нажы, сякеры, крэсівы і інш.);
  • матэрыялы раскопак 1997 г. гарадзішча Х–ХІ стст. каля в.Збочна Слонімскага р-на (пад кіраўніцтвам А.Дабрыяна) – пацеркі, кольцы скроневыя, праселкі і інш.
  •  

На 01.01.2022 г. музейная калекцыя “Археалогія” складаецца з 14565 музейных прадметаў асноўнага фонду і 413 прадметаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў.

 

 

Scroll to Top