Нябачнае захаванае

Музеі – надзейныя захавальнікі гістарычнай памяці і спадчыны мінулых эпох. Гэта ведаюць і разумеюць многія, аднак мала хто задумваецца аб тым, як ажыццяўляецца вельмі няпростая справа – збіранне і захаванне матэрыяльных сведкаў гісторыі. Навукова-фондавая работа з’яўляецца адным з асноўных накірункаў музейнай дзейнасці. Фарміраванне і развіццё музейнага збору, вывучэнне музейных прадметаў і калекцый, забеспячэнне іх захаванасці і іх папулярызацыя – галоўныя яе задачы. На выставе мы знаёмім наведвальнікаў менавіта з гэтым напрамкам дзейнасці нашага музея.

Для поўнага адлюстравання сутнасці і гісторыі развіцця рэлігійных вераванняў і канфесій у Беларусі фонд Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ўтрымлівае прадметы, якія з’яўляюцца носьбітамі інфармацыі аб працэсах і з’явах рэлігійнага жыцця на беларускіх землях ад першабытнасці да сучаснасці. Таму помнікі гісторыі і мастацтва, створаныя прадстаўнікамі розных рэлігій і нацыянальнасцей, а таксама матэрыялы, якія маюць адносіны да гісторыі іх узнікнення і развіцця, з’яўляюцца асновай камплектавання музейнай скарбніцы. Зразумела, что частка самых каштоўных з іх знаходзіцца ў пастаянных экспазіцыях, якія на самой справе з’яўляюцца толькі верхавінай музейнага “айсберга”.

Збор нашага музея пачаў фарміравацца ў 1974 годзе. Сёння ў музейных сховішчах налічваецца амаль 90 000 прадметаў, якія падзяляюцца на 26 калекцый. Толькі малую частку з іх можна выставіць на ўсеагульны агляд у складзе пастаяннай экспазіцыі. Далёка не ўсе з тых прадметаў, што засталіся ў сховішчах, шырокая публіка можа ўбачыць на выставах. Многія музеі, імкнучыся паказаць як мага больш экспанатаў, адкрываюць свае фонды для наведвальнікаў. Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі таксама не застаўся ўбаку. На выставе прадстаўлены найбольш каштоўныя і цікавыя помнікі рэлігійнай і свецкай культуры XVI–XX стагоддзяў з большасці яго фондавых калекцый. Наведвальнікі маюць унікальную магчымасць убачыць самае лепшае з той неацэннай спадчыны, якая знаходзіцца ў музейных сховішчах і, дзякуючы руплівай працы музейных супрацоўнікаў, беражліва захоўваецца для наступных пакаленняў.

Запрашаем у “святое святых” нашага музея, каб акунуцца ў паўсядзённае жыццё нашых продкаў, паглыбіцца ў дзівосны свет сакральнага мастацтва і праз гэта адчуць і ўбачыць, як традыцыі, побыт і рэлігійнае жыццё народа ўплываюць на фарміраванне і развіццё нацыянальнай культуры.

Scroll to Top