Экспазіцыя музея разгорнута ў двух будынках: палацы XVIII – першай паловы ХІХ ст. па вуліцы Замкавай, 16 і Вялікай харальнай сінагозе. Экспазіцыя займае 20 залаў (5 залаў – экспазіцыя «Эпоха.Час. Будынак», 13 залаў – экспазіцыя «Рэлігія і культура Беларусі», 2 залы – экспазіцыя музея «З гісторыі гродзенскіх яўрэяў»). Агульная колькасць экспанатаў – 1245, з іх у экспазіцыі музея “З гісторыі гродзенскіх яўрэяў” – 72.

 

ЭКСПАЗІЦЫЯ “ЭПОХА. ЧАС. БУДЫНАК”

Распрацавана і пабудавана ў 2009 г. Накіравана на раскрыццё асобных аспектаў гарадской культуры канца ХVIII – пачатку XX ст. з улікам адпаведных часу традыцыйных каштоўнасных арыенціраў.

Размешчана ў 5 залах анфіладнай часткі будынка музея – былога палаца, які з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры XVIII – пач. XX ст. Яго ўладальнікамі ў розныя часы былі прадстаўнікі шляхецкіх фамілій, якія пакінулі след у гісторыі горада і краіны – гродзенскі земскі пісар Караль Храптовіч(1720-я гг.– 1794), літоўскі падскарбій і гродзенскі стараста граф Антоній Тызенгаўз (1733 –1785), віцэ-маршалак Літоўскага Трыбунала Францішак Мучынскі, публіцыст, перакладчык і філосаф, віцэ-прэзідэнт Гродна Ігнацій Ляхніцкі (1755 – 1825).

На працягу двух стагоддзяў гэты будынак з’яўляўся домам для некалькіх пакаленняў старажытных шляхецкіх сем’яў. Экспазіцыя “Эпоха. Час. Будынак” асвятляе не толькі гісторыю палаца, але ўводзіць у свет сямейнага жыцця і культурных традыцый гарадской эліты XVIII – пач. XX стст.

Дом, як жыццёвы асяродак сям’і, у кожную эпоху меў сваю прасторава-часавую атмасферу фарбаў, гукаў, рытмаў, думак і пачуццяў. Прадметы мэбліроўкі, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, партрэты, абразы, кнігі, сувеніры, якімі некалі карысталіся людзі, нябачнымі ніцямі звязваюць нас з мінулым, дапамагаюць адчуць страчаную атмасферу сямейнага жыцця гарадской эліты, зірнуць на гісторыю скрозь прызму традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцей розных пакаленняў.

 

ЭКСПАЗІЦЫЯ “РЭЛІГІЯ І КУЛЬТУРА Ў БЕЛАРУСІ”

Размешчана ў 13 залах другога паверха музейнага будынка па вуліцы Замкавай, 16. Мантаж экспазіцыі быў праведзены ў 2010-2012 гг. Залы экспазіцыі адкрываліся для наведвальнікаў паэтапна:

І чарга экспазіцыі – 6 залаў: “Архаічныя вераванні на беларускіх землях”, Жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста”, “Праваслаўная царква і культура на беларускіх землях. Х-ХІІІ ст.”, Каталіцкая царква і культура: Распаўсюджванне і афіцыйнае ўвядзенне каталіцызму на беларускіх землях”, “Іслам і татарская культура ў Беларусі”, “Іўдаізм і яўрэйская культура ў Беларусі”. Мантаж завершаны 21.12.2010 г. Урачыстае адкрыццё адбылося ў студзені 2011 г.

ІІ чарга экспазіцыі – 4 залы: “Хрысціянства і культура на беларускіх землях у ХІІІ – 1-ай пал. ХVІ ст.”, “Пратэстанцкія цэрквы, Каталіцкая Царква і культура на беларускіх землях у 2-ой пал. ХVІ – 2-ой пал. ХVІІІ ст.”, “Уніяцкая Царква і культура на беларускіх землях у канцы ХVІ – канцы ХVІІІ ст.”, “Праваслаўная Царква і культура на беларускіх землях у 2-ой пал. ХVІ – 2-ой пал. ХVІІІ ст.”. Мантаж завершаны 30. 12. 2011 г. Урачыстае адкрыццё адбылося ў студзені 2012 г.

ІІІ чарга экспазіцыі – 3 залы: “Хрысціянства і культура на беларускіх землях у апошняй трэці XVIII – пач. XX ст.”, “Дзяржава, рэлігія, культура ў Беларусі ў 1917 – 1991 г.”, “Дзяржава, рэлігія, культура ў Рэспубліцы Беларусь”. Мантаж завершаны ў чэрвені 2012 г.

Экспазіцыя накіравана на раскрыццё культуратворчай ролі рэлігійнага фактару ў кантэксце развіцця традыцыйных хрысціянскіх канфесій, ісламу, іўдаізму на беларускіх землях.

У экспазіцыі раскрываюцца наступныя тэмы: “Культура і архаічныя вераванні Беларусі”, “Жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста”, “Культура і Праваслаўная Царква на тэрыторыі Беларусі”, “Культура і Каталіцкая Царква на тэрыторыі Беларусі”, “Татарская культура і іслам на тэрыторыі Беларусі”, “Яўрэйская культура і іудаізм на тэрыторыі Беларусі”, “Рэфармацыя. Культура і пратэстанцкія цэрквы на беларускіх землях”, “Культура і Уніяцкая (Грэка-каталіцкая) Царква на тэрыторыі Беларусі”, “Дзяржава, рэлігія, культура ў Беларусі ў 1917-1991 гг.”, “Дзяржава, рэлігія, культура ў Рэспубліцы Беларусь”. Дзейнасць беларускага першадрукара Ф.Скарыны прадстаўлена ў экспазіцыйным раздзеле “Францыск Скарына – дзеяч эпохі Адраджэння”.