Музейны фонд установы культуры “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” налічвае звыш 90000 музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў. Усе яны маюць патрэбу не толькі ў захаванні, але, з прычыны старэння, – у аднаўленні і раскрыцці сваіх сапраўдных якасцяў. Асаблівая ўвага надаецца рэстаўрацыі абразоў (тэмперны і алейны жывапіс), якія складаюць вельмі каштоўную частку музейнага збору, а таксама праводзіцца рэстаўрацыя манет, медалёў, сасудаў, дробнай меднай пластыкі, кніг, помнікаў археалогіі і іншых музейных прадметаў, якія ўваходзяць у склад музейных калекцый установы культуры. Гарадзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі”.
Рэстаўрацыйная майстэрня працуе ў музеі са студзеня 1980 года. Першым мастаком-рэстаўратарам стала Вольга Дзмітрыеўна Гаршкавоз, а з 1982 года гэтую пасаду займае Уладзімір Нікадзімавіч Кіслы, мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі. За адзначаныя гады было адрэстаўравана больш за 800 музейных прадметаў (за 2019 год – 30). У музеі дзейнічае рэстаўрацыйны савет, у абавязкі якога ўваходзяць агляд стану захаванасці экспанатаў на экспазіцыі, адбор музейных прадметаў на рэстаўрацыю з фондаў музея, зацвярджэнне методыкі рэстаўрацыі. Дакументаванне ўсіх аперацый рэстаўрацыі – абавязковая частка рэстаўрацыйнага працэсу. Па выніках працы над музейным прадметам складаецца рэстаўрацыйны пашпарт, у якім утрымліваецца інфармацыя аб усіх этапах рэстаўрацыйнага працэсу, уключаючы фотафіксацыю.
Галоўны прынцып, якім кіруецца рэстаўратар музея, – мінімальнае ўмяшанне ў структуру рэстаўраванага помніка, бо найвышэйшай каштоўнасцю з’яўляецца яго сапраўднасць, яго індывідуальныя асаблівасці і іх захаванне. На Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” ў 2012 годзе музей атрымаў дыплом за перамогу ў намінацыі “Лепшая работа рэстаўратара” за рэстаўрацыю партрэта манаха-картузіянца Джона Х’ютана (Заходняя Еўропа, XVII ст.).







