Новыя паступленні

Камплектаванне фондаў з’яўляецца адным з асноўных накірункаў дзейнасці музея. Задача яго – выяўленне і збор прадметаў, якія адпавядаюць профілю і дзейнасці музея, з мэтай пераўтварэння іх у музейныя прадметы для папаўнення музейных калекцый. УК “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” праводзіць камплектаванне фондаў у двух накірунках:

Тэматычнае камплектаванне. Фонды музея камплектуюцца ў адпаведнасці з экспазіцыйна-выставачнай работай. Для раскрыцця вызначаных тэм збор прадметаў, якія групуюцца адпаведна гэтых тэм, здзяйсняецца незалежна ад іх тыпалагічных прыкмет.

Тыпалагічнае камплектаванне. Тыпалагічнае (сістэматычнае) камплектаванне фондаў накіравана на папаўненне існуючых у фондах музейных калекцый і, з улікам перспектыў працы музея, на стварэнне новых калекцый. Збор прадметаў вядзецца адпаведна агульным тыпалагічным прыкметам, якія іх аб’ядноўваюць.

Для тэматычнага і тыпалагічнага камплектавання фондаў музея з’яўляецца актуальным дакументаванне эпохі. Для рэалізацыі гэтага фонды камплектуюцца прадметамі, якія адлюстроўваюць дзейнасць рэлігійных арганізацый у сучасным свеце.

Для поўнага адлюстравання сутнасці і гісторыі развіцця рэлігійных вераванняў і канфесій у Беларусі фонд музея павінен утрымліваць прадметы, якія самым непасрэдным чынам ці ў сукупнасці з’яўляюцца носьбітамі інфармацыі аб працэсах і з’явах рэлігійнага жыцця на Беларусі ў мінулым і ў сучасным грамадстве.

Размяшчэнне музея ў былым палацы ХVІІІ ст., які належаў Каралю Храптовічу (у далейшым змяніў некалькі ўладальнікаў – А.Тызенгаўз, Ф.Мучынскі, І.Ляхніцкі), мае на ўвазе існаванне яшчэ аднога накірунку ў камплектаванні. Дадзены будынак з’яўляецца адзіным з ацалелых шляхецкіх палацаў у горадзе (у ХVІІІ ст. іх існавала 47). Праца часткі экспазіцыі “Эпоха. Час. Будынак” патрабуе наяўнасці ў фондах музея прадметаў гарадскога побыту.

На 01.01.2023 г. музейны фонд УК “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” складаецца з

72554

музейных прадметаў асноўнага фонду

17147

прадметаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў

КП 35245. Столік для рукадзелля. Месца стварэння: Заходняя Еўропа. Час стварэння: сярэдзіна – 2-я палова ХІХ ст. Матэрыял: дрэва, арэх. Тэхніка: работа сталярная, інкрустацыя. Музейная калекцыя: “Дрэва”
КП 35191. Малочнік. Месца стварэння: Заходняя Еўропа. Час стварэння: ХІХ ст. Матэрыял: фарфор, паліва. Тэхніка: фармоўка, роспіс надпаліўны, пазалота. Музейная калекцыя: “Кераміка”.
КП 35228. Скульптура малых форм. Назва: “Бабуля зашывае штаны хлопчыку. Арыгінальны спосаб”. Месца стварэння: Германія. Час стварэння: 1920-1930-ыя гг. Матэрыял: бісквіт. Тэхніка: фармоўка, абпал, паліхромія. Музейная калекцыя: “Кераміка”.
КП 35244. Гадзіннік падлогавы. Вытворца: майстэрня “John Montjoy”. Месца стварэння: Ірландыя, Корк. Час стварэння: 1780-1810 гг. Матэрыял: дрэва чырвонае, метал. Тэхніка: штампоўка, зборка, разьба, інкрустацыя. Музейная калекцыя: “Прадметы побыту”
Scroll to Top