Кола гісторыі

no images were found

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі прапануе школьнікам анімацыйна-адукацыйную праграму «Кола гісторыі»:

1.   Першы занятак «З жыцця старажытнага чалавека» прысвечаны знаёмству з архаічнымі вераваннямі нашых продкаў праз займальнае тэатралізаванае прадстаўленне разам з хатнім тэатрам «Мар’я-Умеліца» для маленькіх і дарослых гасцей музея. Лялечныя персанажы наглядна прадэманструюць лад жыцця ў першабытным грамадстве, яго змяненне з цягам часу, даступна пазнаёмяць са шматграннымі язычніцкімі вераваннямі. Пад кіраўніцтвам экскурсавода дзеці стануць не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі займальнага падарожжа ў мінулае (навучацца вырабляць старажытныя прылады працы, патрымаюць у руках «перуновы стрэлы», «возьмуць удзел» у імітацыйнай магіі старажытных паляўнічых, паўдзельнічаюць у сапраўдных археалагічных раскопках і інш.).

2.  Другі занятак – «Падарожжа ў старажытную Беларусь: спадчына святога князя Уладзіміра». Занятак з тэатралізаваным прадстаўленнем, інтэрактывам і экскурсіяй пазнаёміць з гісторыяй хрышчэння Русі і хрысціянізацыі старажытнабеларускіх зямель. Складаецца з тэатралізаваных і інтэрактыўных блокаў:

– «Развагі аб Чырвоным Сонейку» (гісторыя выбару веры і хрышчэння князя Уладзіміра, значэнне Хрышчэння Русі);

– «Пабудуем храм разам» (культавае дойлідства: асаблівасці гродзенскай і полацкай архітэктурных школ);

– «Багасловім у фарбах» (абраз і карціна: глядзім і разумеем);

– «Гісторыя князёўны Прадславы» (даведаемся аб святой Еўфрасінні Полацкай – асветніцы зямлі беларускай);

– «Ці лёгка быць перапісчыкам кніг?» (спрабуем чытаць і пісаць па-стараславянску, ствараем рукапісныя ініцыялы сваімі рукамі);

– экскурсія «Спадчына святога князя Уладзіміра» (унікальныя музейныя экспанаты распавядаюць гісторыю праваслаўя на беларускіх землях).

3.  Трэці занятак з цыкла «Кола гісторыі» «Старонкі баявой славы. Абаронцы зямлі беларускай» дазволіць удзельнікам перанесціся ў далёкія часы, калі беларускія землі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, падвяргаліся набегам рыцараў-крыжакоў. Падчас тэатральнай лялечнай пастаноўкі гледачы разам са славутымі абаронцамі роднай зямлі стануць удзельнікамі тых далёкіх лёсавызначальных падзей. У інтэрактыўнай частцы занятка наведвальнікі змогуць адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі сярэднявечных ваенных баталій, адчуўшы цяжар кальчугі, даспехаў. Метадам паглыблення ў гісторыю яны стануць «умацоўваць» межы Вялікага Княства Літоўскага, «збіраць у паход» войскі для вырашальнай бітвы пад Грунвальдам, а таксама «штурмаваць» крэпасць пры дапамозе катапульты. Экскурсія ў музейных залах дазволіць паглыбіць веды, разгледзець прычыны і перадумовы набегаў крыжакоў, усвядоміць значэнне Грунвальдскай перамогі для сучаснікаў і нашчадкаў.

Заняткі разлічаны на І–VIІ класы.
Працягласць – 1,5 гадзіны.
Кошт – 4 рублі.

Scroll to Top