Пейзажная лірыка Вітольда Бялыніцкага –Бірулі. Са збораў фондаў установы “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь”

12 ліпеня 2023 года ў выставачнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі адбылося адкрыццё выставы “Пейзажная лірыка Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Са збораў установы “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь””.

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (1872-1957)-выдатны беларускі мастак-пейзажыст, народны мастак БССР і РСФСР, акадэмік.

Майстра знайшоў свой непаўторны стыль і атрымаў шырокае прызнанне яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Пейзаж настрою, вытанчаны, тонка нюансаваны стаў яго візітнай карткай. Пасля 1917 года, апынуўшыся ва ўмовах, якія патрабавалі ад мастакоў напоўніць “пустынныя пейзажы” прыкметамі новага савецкага жыцця, В. Бялыніцкі-Біруля стаў заснавальнікам мемарыяльнага пейзажа. Гэта новы для савецкага жывапісу жанр адлюстроўваў месцы, дзе жылі і працавалі знакамітыя людзі. Але і тут майстра застаўся верны свайму стылю. Архітэктурныя аб’екты ў яго працах застаюцца арганічнай часткаю прыроднага ландшафту, бо пейзаж В. Бялыніцкага-Бірулі заўсёды застаецца пейзажем настрою, адлюстраваннем асабістых перажыванняў, станам душы аўтара.

Прадстаўленыя на часовай экспазіцыі пейзажны жывапіс і нацюрморты дастаткова добра адлюстроўваюць светаўспрыманне мастака.

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 12 ліпеня а 17 гадзіне.

Выстава разлічана на шырокае кола наведвальнікаў.

Scroll to Top