Мялецій Сматрыцкі (свецкае імя Максім Герасімавіч Сматрыцкі; 1577–1633) – беларускі і ўкраінскі пісьменнік-палеміст, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч. Працаваў у брацкай школе Віленскага Свята-Духава манастыра, быў рэктарам Кіеўскай брацкай школы (1618–1620). З 1620 г. – архіепіскап Полацкі, епіскап Віцебскі і Мсціслаўскі. У 1608 г. супраць твораў Іпація Пацея выдаў “Антыграфі”, у 1610 г. – “Фрынас” (з грэч. “плач”), дзе заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб’яднання супраць каталіцызму. Аўтар “Трактата пра паходжанне Святога Духа”, “Палінодыі”, “Граматыкі”, “Казання” на пахаванне Лявонція Карповіча і іншых твораў. У 1627 г. таемна, а ў 1628 г. адкрыта перайшоў на бок уніятаў, адрокся ад сваіх антыўніяцкіх твораў, выступіў супраць праваслаўных пісьменнікаў-палемістаў.
“Граматыка” Мялеція Сматрыцкага – кніга, у якой упершыню на высокім навуковым узроўні тлумачыліся арфаграфія, этымалогія, сінтаксіс і прасодыя (раздзел фанетыкі). Больш за два стагоддзі яна была адным з самых аўтарытэтных падручнікаў па славянскім мовазнаўстве, двойчы перавыдавалася ў Маскве (1648, 1721). У XVIII – 1-й палове XIX ст. стала ўзорам для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык.
