Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр заснаваны ў 1623 г. у Куцеіне – паўднёва-заходняй ускраіне г. Орша, у сутоцы рэк Дняпра і Куцеінкі. Галоўны драўляны Богаяўленскі сабор пабудаваны ў 1623–1635 гг. пры першым ігумене Іаілі Труцэвічы, асвячоны мітрапалітам Кіеўскім Пятром Магілам. У 1630 г. беларускі асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры друкарню. Фундатарам друкарні быў праваслаўны мецэнат Багдан Сцяткевіч, кашталян мсціслаўскі (1644–1646) і новагародскі (з 1646). Друкарня дзейнічала ў 1631–1654 гг. Выдавала кнігі богаслужэбнага, малітоўнага, духоўна-павучальнага і асветніцка-вучэбнага характару на царкоўна-славянскай і старабеларускай мовах.
