Свята-Мікольскі сабор у Магілёве
1669–1672 гг.
Макет. Маштаб 1:100
Свята-Мікольскі сабор – галоўны храм Магілёўскага Свята-Мікольскага жаночага манастыра. Пабудаваны на месцы драўлянага ў 1669–1672 гг. па ініцыятыве мітрапаліта Кіеўскага Пятра Магілы. Адносіцца да тыпу крыжова-купальных базілік з двухвежавым фасадам. У аб’ёмнай кампазіцыі дамінуе васьмігранны барабан з купалам. Галоўны фасад вылучаны яруснай канструкцыяй, вежы ўзведзены з выкарыстаннем элементаў ордэрнай сістэмы. Мастацкае вырашэнне фасада – прыклад прыўнясення ў праваслаўнае культавае дойлідства беларускіх зямель прыёмаў і форм каталіцкай архітэктуры барока з захаваннем арыгінальных мясцовых дэкаратыўных традыцый. Сабор унесены ЮНЕСКА ў рэестр найбольш каштоўных збудаванняў Еўропы ў стылі барока.
Фрэскавыя храмавыя кампазіцыі канца XVII – 1-й паловы XVIII ст. створаны на біблейскія тэмы. У алтарнай частцы – сюжэтны і арнаментальны жывапіс канца XVIII – пачатку XIX ст. Колеравая гама стрыманая, светлая, цёплых тонаў. Пераважаюць охра з адценнямі, ружова-чорны, жоўта-карычневы колеры з прымешкай зялёнага, блакітнага і сіняга. Тыпаж простанародны, у сцэны ўведзены скупы пейзаж. Прадстаўленая ў экспазіцыі фрэска “Упэўненне апостала Фамы” – яскравы прыклад такога мастацтва.
