Бялыніцкі абраз Маці Божай – хрысціянская святыня Беларусі, помнік беларускага іканапісу. Вядомы з 1623 г. Знаходзіўся ў Бялыніцкім кляштары кармелітаў (у мястэчку Бялынічы, зараз Магілёўская вобласць). Існавала версія пра паходжанне абраза з Куцеінскага манастыра. Гэта іканаграфічны тып Маці Божай Адзігітрыі з Немаўляткам Хрыстом у левай руцэ і скіпетрам у правай. Згодна паданню, лікі Марыі і Ісуса былі напісаны анёлам. У 2-й палове XVIII – XIX стст. на беларускіх землях абраз шанаваўся хрысціянамі розных канфесій, асабліва ва Усходняй Беларусі. Да абраза арганізоўваліся працэсіі і паломніцтвы, а Бялынічы называлі беларускай Чанстаховай. Абраз застаўся на сваім месцы і пасля перадачы ў 1876 г. Бялыніцкага касцёла Праваслаўнай Царкве. У 1930-я гг. пасля закрыцця храма абраз знаходзіўся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, адкуль знік у гады Другой сусветнай вайны.
Шматлікія спісы з абраза вядомы і ў іншых рэгіёнах. Найбольш дакладная копія сярэдзіны XVII ст. знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.
Абраз у экспазіцыі – спіс XVIII ст. Напісаны ў стылі барока, якому былі ўласцівы рысы: урачыстасць, кантраснасць, ускладненасць форм, пышны дэкор. У напісанні такіх абразоў бачна багацце дэталей, часта яркая паліхромія.
