Пётр Магіла

Свяціцель Пётр Магіла

Кіслы У.Н. Гродна. 2011 г.

Палатно, алей

Пётр Магіла (свецкае імя Пётр Сімяонавіч Магіла; 1597–1647) – праваслаўны святы, царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1627 г. – кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне Кіеўскай мітраполіі з цэнтрам у Кіеве. У 1632–1647 гг. – мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі. Паляпшаў царкоўную структуру, рэфармаваў манаства, аднаўляў цэрквы, спрыяў пашырэнню асветы сярод духавенства. У 1632 г. заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум і Магілёўскую епархію. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі і манастырамі. У 1635 г. наведаў Вільню, Мінск і іншыя беларускія гарады. Падрыхтаваў выданне богаслужэбных кніг “Намаканон”, “Евангелле вучыцельнае”, “Літургікон” (“Служэбнік”), “Еўхалагіён” (“Трэбнік”) і іншых, да якіх напісаў прадмовы. Аўтар шматлікіх палемічных пропаведзей. Складальнік “Праваслаўнага спавядання веры”, якое ў 1672 г. на Сінодзе ў Іерусаліме было ўхвалена як галоўная дактрына ўсіх Памесных Цэркваў. Кананізаваны ў 1996 г.

“Служэбнік” – богаслужэбная кніга, якая ўключае паслядоўнасць тэкстаў малітваў, песнапенняў і воклічаў святара і дыякана падчас Боскай літургіі і іншых службаў сутачнага круга. “Служэбнік”, выданы ў 1629 і 1639 гг., і “Трэбнік”, выданы ў 1646 г., якія склаў мітрапаліт Пётр Магіла, аказалі моцны ўплыў на богаслужэнне Праваслаўнай Царквы на ўкраінскіх, беларускіх, рускіх землях аж да XX ст.

Scroll to Top