Тытульны аркуш кнігі ігумена Афанасія Брэсцкага “Дыярыуш”
1646 г. Копія
Афанасій Брэсцкі (да прыняцця манаства насіў прозвішча ці імя па бацьку Філіповіч; каля 1595 – 1648) – беларускі праваслаўны святы, палітычны і царкоўны дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Прыняў манаства ў 1627 г. у Віленскім Свята-Духавым манастыры. Жыў у Куцеінскім, Межыгорскім, Дубайскім, Купяціцкім манастырах. У 1640–1641 гг. – ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Берасці. Выступаў за адраджэнне Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай, за саюз с Расійскай дзяржавай. У 1644 г. сядзеў у турме, дзе напісаў шэраг артыкулаў. У 1644–1647 гг. знаходзіўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе склаў са сваіх твораў “Дыярыуш”. Расстраляны ў 1648 г. па прыгаворы суда па падазрэнні ў дапамозе казакам. Кананізаваны паміж 1658 і 1666 гг.
“Дыярыуш” (ад лац. diarium – дзённік) – зборнік твораў, які змяшчае ўсю публіцыстыку Афанасія Брэсцкага, а таксама запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй напеў гімнападобнага канта – аднаго з найбольш ранніх нотных запісаў у беларускай музыцы. У структурна-кампазіцыйным плане зборнік – цэльны твор, які мае сваю агульную ідэю, скразную тэму, пэўны сюжэтны накірунак і апавядальніцкую логіку, але адначасова гэта звод розных па жанрах, сюжэтах і прызначэнні твораў.