Георгій Каніскі (свецкае імя Грыгорый Восіпавіч Каніскі, 1717–1795) – беларускі праваслаўны святы, царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. У 1743 г. скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію. У Кіева-Пячэрскай лаўры прыняў манаскі пострыг. У 1745–1755 гг. – выкладчык, прафесар, рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі. З 1755 г. – епіскап Магілёўскі (Беларускі). У 1757 г. стварыў пры Магілёўскім Спаскім манастыры школьныя класы і заснаваў духоўную семінарыю. У 1768 г. з’ехаў у Расію, дзе заставаўся Магілёўскім епіскапам у выгнанні. Вярнуўся ў 1772 г. пасля I падзелу Рэчы Паспалітай. З 1793 г. – архіепіскап, абраны ў Сінод. Яго намаганнямі заснавана Мінская праваслаўная епархія. Аўтар твораў “Мемарыял аб крыўдах праваслаўным”, “Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання”, “Збор павучальных слоў”, духоўнага дзённіка “Думкі” і іншых. Сабраў так званы “Архіў Каніскага”, у аснову якога былі пакладзены дакументы з архіва Калегіі замежных спраў Расіі. Кананізаваны ў 1993 г.