Паштоўкі з відамі беларускіх праваслаўных храмаў

Кафедральны Іосіфаўскі сабор

Сабор у гонар Святога Іосіфа Абручніка ўзведзены ў Магілёве ў 1780–1798 гг. па праекце вядомага рускага архітэктара М.А.Львова ў памяць сустрэчы тут рускай імператрыцы Кацярыны II з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Гэта адзін з ранніх помнікаў архітэктуры класіцызму на беларускіх землях. У адрозненне ад строгай вонкавай архітэктуры інтэр’ер сабора быў насычаны ляпнінай і жывапісам. У дэкаратыўным афармленні інтэр’ера прымаў удзел рускі жывапісец У.Л.Баравікоўскі. У 1937 г. сабор быў разбураны.

Праабражэнская царква ў Гомелі

Знаходзілася паміж вуліцамі Траецкай і Ірынінскай (сучасная Першамайская), на паўднёва-заходняй ускраіне палацавага парку. Пабудавана ў канцы XVIII ст. з дрэва. У 1901 г. на сродкі Сінода і ахвяраванні гамяльчан на яе месцы была пабудавана мураваная царква (не захавалася). Твор архітэктуры візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю.

Архірэйская царква ў Мінску

Знаходзілася на Архірэйскім падвор’і ў раёне сучаснага Дома афіцэраў. З усталяваннем у 1793 г. Мінскай епархіі ўзнікла патрэба ў размяшчэнні духоўнай кансісторыі і рэзідэнцыі епіскапа. Першапачаткова яны размясціліся ў былым кляштары базыльян. У 1799 г. для рэзідэнцыі быў набыты мураваны дом на Новамесцкай плошчы (сучасны Цэнтральны сквер). Новы комплекс падвор’я ў 1850-я гг. спраектаваў архітэктар К.Хрышчановіч. У 1860 г. быў пабудаваны мураваны 2-павярховы будынак мінскай архіепіскапіі (архірэйскі дом), да якога ў 1885 г. прыбудавана архірэйская мураваная царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У 1934 г. царква была выкарыстана пры будаўніцтве Дома афіцэраў.

Кафедральны сабор Святых Пятра і Паўла ў Мінску

Знаходзіўся ў цэнтры горада, на паўночна-заходнім боку Саборнай плошчы (зараз пл. Свабоды). Перароблены ў 1799 г. з пераасвячонай уніяцкай Свята-Духавай царквы, вядомай з 1635 г., у сувязі з дазволам мітрапаліта Пятра Магілы адкрыць пры царкве жаночы манастыр. Капітальна перабудоўваўся ў 1850 і 1870 гг. У 1914 г. храм наведаў імператар Мікалай II. Закрыты ў 1935 г., у 1936 г. узарваны. Помнік архітэктуры барока і рэтраспектыўна-рускага стылю (маскоўска-яраслаўскага напрамку).

У храме асабліва шанаваўся Мінскі абраз Маці Божай, які ў 1852 г. быў упрыгожаны новай сярэбранай рызай з каштоўнымі камянямі (зараз абраз знаходзіцца ў кафедральным Свята-Духавым саборы).

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне

Пабудавана з цэглы ў 1867–1871 гг. у г. Маладзечна Мінскай вобласці. Знаходзіцца сёння на Старым Месцы (былая плошча Свабоды). Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.

Ваенны сабор Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Гродне

Пабудаваны ваеннымі і грамадзянскімі спецыялістамі як храм-помнік у гонар памяці афіцэраў і ніжніх чыноў 26-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі ў Руска-японскую вайну 1904–1905 гг. Асвячоны 30 верасня (па старым стылі) 1907 г. Аўтарам праекта храма з’яўляўся архітэктар М.М.Прозараў, будаўніцтвам кіраваў гродзенскі ваенны інжынер капітан І.Я.Савельеў. Помнік архітэктуры неарускага стылю.

У храме захоўваюцца праваслаўныя святыні: Казанскі абраз Маці Божай, абраз Святога Мікалая Цудатворца з часцінкай яго мошчаў, часцінка мошчаў Святога Гаўрыіла Беластоцкага, копія Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай з часцінкамі мошчаў беларускіх святых і інш.

Сабор Уваскрэсення Хрыстова ў Барысаве

Пабудаваны ў 1874 г. з чырвонай цэглы на месцы драўлянай Уваскрэсенскай царквы ў Стара-Барысаве (цяпер г. Барысаў Мінскай вобласці) па праекце архітэктара П.П.Мяркулава. Закладка сабора адбылася ў верасні 1871 г., асвячэнне – 20 кастрычніка 1874 г. Закрыты ў 1937 г. Богаслужэнні былі адноўлены ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю са стылізацыяй форм маскоўскага царкоўнага дойлідства XVII ст.

Scroll to Top