Храмавае богаслужэнне з’яўляецца адным з самых важных момантаў у жыцці Царквы. Менавіта ў храме мы сустракаемся з дзіўнай з’явай – сінтэзам царкоўных мастацтваў. Да архітэктуры і жывапісу – двух галоўных відаў сакральнага мастацтва – далучаюцца і іншыя: шыццё, ткацтва, апрацоўка металу. Усё збіраецца ў Царкве і служыць адной мэце – праслаўленню моцы Бога і Яго тварэння. Да ўсіх пералічаных маўклівых відаў мастацтва далучаецца і адно з найбольш прыгожых – мастацтва царкоўных спеваў.
У 2-й палове XVIII – XIX стст. кампазітары, якія пісалі царкоўную музыку, працавалі ў двух накірунках: першы – гарманізацыя старажытнай праваслаўнай мелодыі ў традыцыях заходнееўрапейскай музыкі (Д.С.Бартнянскі, П.І.Турчанінаў, А.Л.Ведэль, Ф.П.Львоў і інш.), другі – захаванне царкоўных спеваў у тым выглядзе, у якім яны выкладзены ў богаслужэбных нотных кнігах (М.І.Глінка). Духоўную праваслаўную музыку ў 2-й палове XIX – пачатку XX ст. стваралі А.А.Архангельскі, С.В.Смаленскі, А.Д.Кастальскі, сусветна вядомыя кампазітары П.І.Чайкоўскі, М.П.Мусаргскі, С.В.Рахманінаў і інш.
Не страцілі свайго значэння песні, якія складаліся на беларускіх землях у XVI–XVII стст. і пеліся падчас розных царкоўных службаў. Яны ўваходзілі ў зборнікі, якія друкаваліся пад назвамі “Богагласнік” і “Песні благагавейныя”.