Коўшык для цеплаты, лжыца, кап’ё

Коўшык для цеплаты, лжыца, кап’ё

Расія. 2-я палова XIX – 1-я палова XX ст.

Серабро, латунь, ліццё, штампоўка, гравіроўка

Коўшык для цеплаты – літургічны прадмет, які выкарыстоўваецца пры богаслужэнні. З яго падчас падрыхтоўвання Святых Дароў наліваецца ў пацір вада і віно, а пасля асвячэння Дароў туды дадаецца цёплая вада, якая азначае благадаць Святога Духа. Цёплая вада сімвалізуе таксама і цеплату веры царкоўнага народа, які злучаецца з Госпадам у Святым Прычасці. Часта коўшык мае надпіс: “Теплота веры исполнь Духа Святаго”. Па заканчэнні літургіі гарачай вадой з коўшыка абмываецца Святая чаша.

Лжыца – літургічны прадмет, невялікая лыжачка з крыжам на канцы доўгай ручкі. Ёй прычашчаюць з чашы веруючых. Як і дыскас, пацір і звяздзіца, яна робіцца з каштоўных металаў ці з метала, які не дае акіслення.

Кап’ё – літургічны прадмет, з дапамогай якога з вялікай богаслужэбнай прасфары выразаюць агнец, а таксама вымаюць часцінкі з іншых прасфор. Яно нагадвае веруючым аб тым кап’і, якім адзін з рымскіх воінаў працяў рэбры Збавіцеля. Кап’ё мае і яшчэ адно прымяненне: у “Трэбніку” ёсць паследаванне, якое здзяйсняе над кап’ём свяшчэннік, абмываючы яго вадой з асаблівай малітвай, – гэтая вада даецца хвораму.

Scroll to Top